Ва УСУ распавялі, як расійскія беспілотнікі лётаюць праз Беларусь

Расія актыўна выкарыстоўвае паветраную прастору суседніх краін для абыходу ўкраінскай СПА. Пра гэта заявіў начальнік упраўлення камунікацый Камандавання Паветраных сіл ВСУ Юрый Ігнат.

“Супраціўнік для пралётаў выкарыстоўвае тэрыторыю Малдовы, непрызнанага Прыднястроўя, Румыніі і Беларусі, у прыватнасці, гэта ўжо факт застаецца фактам. Неаднаразова мы паведамлялі пра тое, што расійскія дроны нават не праз тэрыторыю Украіны накіроўваюцца, абыходзячы патэнцыйныя зоны паражэння сваіх дронаў”, – сказаў ён, перадае “РБК-Украіна”.

Ён таксама адзначыў, што на тэрыторыі Беларусі знаходзяцца сродкі, якія палягчаюць пралёт беспілотнікаў.

“Мы часта бачылі пралёт дронаў адзін за адным да нашых заходніх абласцей проста па мяжы з Беларуссю. Для таго, каб зрабіць іх больш устойлівымі да падаўлення РЭБ, для таго, каб больш сродкаў пралятала, супраціўнік, верагодна, можа выкарыстоўваць дапамогу, уласна, суседняй дзяржавы, каб дроны даляталі бесперашкодна”, – дадаў ён.

Ігнат не стаў казаць, якія менавіта пункты кіравання могуць знаходзіцца ў Беларусі, адзначыўшы, што ўкраінская разведка павінна ведаць больш.

Трэба сказаць, што раней прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ўжо выступаў з падобнымі абвінавачваннямі ў адрас беларускіх уладаў. Акрамя таго, ён казаў, што работа некаторых рэтранслятараў на тэрыторыі Беларусі была спынена намаганнямі ўкраінскага боку.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!