Фото: Пул первого
Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя так і не выйшла на поўную загрузку магутнасцей. Яе кіраўніцтва зноў просіць дзяржаўнай падтрымкі. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка на сённяшняй нарадзе, прысвечанай БНБК.
“У парадку дня сённяшняй нашай нарады Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя. Ствараючы яе калісьці, мы ганарыліся, што мы — дзяржава, адна з пяці ці з чатырох, якія маюць такія біялагічныя тэхналогіі. Прайшоў час з новым кіраўніцтвам ураду, з новым кіраўніцтвам самой карпарацыі паглядзець на тое, як яна працуе. Таму я вельмі разлічваю на аб’ектыўную ацэнку дзейнасці БНБК.
У лістападзе 2022 года мы таксама казалі, калі ажыццяўлялі запуск гэтай кампаніі, пра перспектывы навукова-вытворчага кластара. Планавалася, што прэміяльныя камбікормы, прэміксы, вітаміны, амінакіслоты не толькі выведуць на новы ўзровень айчынны аграрны комплекс, але і стануць салідным артыкулам экспарту, будуць прыносіць краіне валюту”, – нагадаў Лукашэнка пра запуск карпарацыі ў 2022 годзе.
Паводле яго слоў, карпарацыя атрымала значныя льготы, значныя сумы былі ўнесены з бюджэту ў статутны фонд, а з Кітая прыцягнуты буйныя крэдыты.
“Гэта і прэферэнцыі па выплаце падаткаў, і гарантыі ўрада па крэдытах, і асаблівы парадак адлюстравання курсавых розніц. У статутны фонд прадпрыемства ўнеслі бюджэтныя сродкі ў памеры 226 млн рублёў. Па прапанове спадара Снапкова толькі льготных урадавых крэдытаў Кітайскай Народнай Рэспублікі прыцягнулі каля 600 млн долараў”, – працягнуў ён.
Лукашэнка лічыць, што для паспяховай працы БНБК было зроблена ўсё і нават больш.
“Гэта значыць, для паспяховага старту і нармальнага развіцця зроблена ўсё і нават больш. І, як я ўжо сказаў, сёння дзяржава мае права спытаць за вынік. З прадстаўленых матэрыялаў вынікае, што гэтых вынікаў, на жаль, няма. Хаця зарплату атрымліваеце спраўна, амаль на 16% вышэй за сярэднеабласны ўзровень. Адзінае, у чым вы прыраслі, гэта геаграфія экспартных паставак з шасці краін у 2022-м да 12 краін у 2025 годзе”, – канстатаваў ён.
Аднак да гэтага часу БНБК не працуе на поўную магутнасць.
“Да гэтага часу на поўную загрузку магутнасцей біяхімічнай і камбікормавай вытворчасцей так і не выйшлі, мэтавыя паказчыкі вытворчай праграмы не дасягнуты, захоўваецца востры дэфіцыт абаротных сродкаў.
Што ў гэтай сітуацыі робіць кіраўніцтва? Ідзе звыклым шляхам: з працягнутай рукой па дадатковую дзяржаўную падтрымку.
Нагадваю ў які раз — на гэта грошай у бюджэце няма і не будзе. Сродкі выдзяляюцца на час і з абавязковым вяртаннем. Гэта я для тых, хто яшчэ не зразумеў”, – сказаў Лукашэнка, перадае яго прэс-служба.
Гэта не першы раз, калі ўзнікае пытанне пра дзяржпадтрымку БНБК. У канцы 2023 года Аляксандр Лукашэнка ўжо збіраў нараду па развіцці карпарацыі. Тады ён казаў, што ёсць праблемы з загрузкай магутнасцей, збытам прадукцыі, што негатыўна ўплывае на фінансавыя паказчыкі. Тады было вырашана, што працу карпарацыі будзе кантраляваць прадстаўнік дзяржавы, якім стаў першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў. Таксама быў павялічаны статутны фонд БНБК.
У 2024 годзе ўрад выдаваў гарантыі па крэдытах карпарацыі, адбылася змена генеральнага дырэктара. У сакавіку гэтага года Савет міністраў прыняў пастанову аб падтрымцы БНБК, змест якой быў практычна цалкам схаваны пад грыфам “для службовага карыстання”. З апублікаванай часткі можна было зрабіць выснову, што гаворка ідзе пра новыя крэдыты для карпарацыі.
Нягледзячы на тое, што ўкладзены вялізныя сродкі, а аддачы ад іх няма, Лукашэнка лічыць неабходным мець біятэхналагічную галіну.
“Гэта шлях усіх тэхналагічна развітых краін. Адставаць мы не можам. Таму сёння, акрамя прынцыповых і аб’ектыўных ацэнак бягучай сітуацыі, чакаю канкрэтных прапаноў па перспектывах развіцця БНБК у бліжэйшыя гады”, – сказаў ён.
Лукашэнка падкрэсліў, што для гэтага “трэба перш за ўсё канкрэтызаваць, хто з’яўляецца канчатковым спажыўцом прадукцыі БНБК, якія прадукты ўжо створаны і што новага будзе прапанавана рынку ў агляднай перспектыве”. Ён таксама пацікавіўся, як ідуць пастаўкі прадукцыі прадпрыемствам АПК, якая яе якасць.
“Усе прапанаваныя вамі падыходы да развіцця БНБК павінны працаваць на практыцы. Прадпрыемства павінна загрузіць свае магутнасці і стаць нарэшце фінансава ўстойлівым”, – звярнуўся ён да віцэ-прэм’ера Юрыя Шулейкі.
Мікалаю Снапкову было зададзена пытанне, як рэалізуецца даручэнне пра праект БНБК-3 з прыцягненнем для гэтага прамых кітайскіх інвестыцый.
“Ліміт падтрымкі дадзенага прадпрыемства за кошт бюджэту даўно вычарпаны”, – нагадаў Лукашэнка.
Пытанні таксама былі адрасаваны старшыні прэзідыума НАН Уладзіміру Караніку.