Ва Украіне пракаментавалі фарміраванне новай дэсантна-штурмавой брыгады на беларуска-ўкраінскай мяжы

Украіна не бачыць прыкмет падрыхтоўкі наступлення з боку Беларусі, заявіў прэс-сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка ў эфіры праграмы Ранок.LIVE, каментуючы інфармацыю пра фарміраванне ў Беларусі новай брыгады на ўкраінскай мяжы. Брыгада будзе дыслакавацца непадалёк ад Гомеля.

Журналісты пацікавіліся ў Дземчанкі, ці з’яўляецца стварэнне новай 37-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгады на ўкраінскай мяжы прыкметай патэнцыйнай эскалацыі.

Дземчанка нагадаў, што Беларусь з 2022 года рэгулярна заяўляе пра пагрозу з боку Украіны, а таксама пра ўзмацненне сваіх абарончых магчымасцяў на мяжы з Украінай. Ён падкрэсліў, што Беларусь заяўляе пра ўзмацненне ваеннай прысутнасці на мяжы, хоць фактычна праводзіць звычайную ратацыю падраздзяленняў.

«З 2022 года пэўныя падраздзяленні Беларусь трымае на напрамку нашай мяжы, у невялікай колькасці. Адбываецца іх ратацыя. І вось, уласна, калі адбываецца ратацыя, яны, зноў жа, робяць акцэнт на тым, што яны ўзмацняюць, хоць, па сутнасці, проста замяняюць тыя падраздзяленні, якія былі, і заводзяць новыя.

Была рыторыка таксама пра стварэнне Паўднёвага аператыўнага камандавання, зноў жа, з акцэнтам на тое, што з боку Украіны ёсць пагроза. І вось, уласна, уся тая інфраструктура, якую яны нарошчваюць, — гэта пад стварэнне гэтага Паўднёвага аператыўнага камандавання, як, уласна, і тая рыторыка, якую яны цяпер вядуць адносна стварэння новай брыгады», — заявіў прадстаўнік ДПСУ.

Украіна не лічыць, што фарміраванне новай брыгады нясе пагрозу краіне.

«Фактычна цяпер не варта чакаць, што гэта нейкая сіла, якая можа там стварыць пагрозу нашай краіне», — адзначыў Дземчанка.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!