Александр Ильюкевич. Скриншот видео "ВоенТВ"
Беларуская армія працягвае фарміраванне новай 37-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгады, якая будзе дыслакавацца недалёка ад Гомеля. Пра гэта ў эфіры тэлеканала «ВаенТБ» паведаміў камандуючы сіламі спецыяльных аперацый Узброеных сіл краіны Аляксандр Ільюкевіч.
«Ужо на сённяшні дзень сфарміраваны шэраг воінскіх часцей і падраздзяленняў, ужо прызваны асабовы склад, ужо набраныя афіцэры, і ўжо ідзе планавая падрыхтоўка іх да прымянення па прызначэнні. У наступным годзе мы плануем ужо ажыццявіць перадыслакацыю гэтых падраздзяленняў, воінскіх часцей у свой пункт пастаяннай дыслакацыі», — паведаміў ён.
У лютым Ільюкевіч паведамляў пра фарміраванне 37-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгады тэлеканалу «Першы інфармацыйны».
«Будзе дыслакавацца недалёка ад Гомеля, мы ўжо прыступілі да фарміравання воінскіх часцей, сфарміраваны адзін батальён. Сёлета мы фарміруем яшчэ батальён, падраздзяленні баявога забеспячэння, артылерыйскія, зенітныя падраздзяленні, разведвальныя», — расказаў ён.
Пасля завяршэння фарміравання 37-я брыгада стане чацвёртай асобнай дэсантна-штурмавой брыгадай у складзе беларускіх сіл спецыяльных аперацый. У цяперашні час у Беларусі дзейнічаюць 103-я брыгада ў Віцебску, 38-я — у Брэсце і 5-я — у Мар’інай Горцы.