Иллюстративное фото: Reform.by
Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі падрыхтавала даследаванне па чыгуначным экспарце нафтапрадуктаў, звадкаваных вуглевадародных газаў і прадукцыі нафтахіміі з Беларусі. У даследаванні прыводзяцца даныя за 2025 год і студзень–красавік 2026 года.
У 2025 годзе па чыгунцы было адпраўлена на экспарт 4,04 млн тон нафтапрадуктаў (70 284 вагоны). За студзень–красавік 2026 года было перавезена яшчэ 34 941 вагон і 2,03 млн тон. Гэта 50,1% аб’ёму ўсяго 2025 года. Сярэднемесячны танаж першых чатырох месяцаў аказаўся на 50,3% вышэйшы за сярэдні паказчык за 2025 год.
Абсалютная большасць перавозак ажыццяўлялася ў Расію. Праз расійскія партовыя вузлы або па прызначэннях на сетцы расійскіх чыгунак прайшло 99,3% танажу ў 2025 годзе і 99,93% — у студзені–красавіку 2026 года. Прамыя перавозкі ў Літву і Латвію склалі менш за 0,5% агульнага аб’ёму.
СЧБ адзначае змяненне ў структуры грузаадпраўшчыкаў. Мазырскі НПЗ па-ранейшаму знаходзіцца на першым месцы, але яго доля знізілася з 59,3 да 50,0%. Доля ДП «Беларуснафта-Транс» вырасла з 18,2 да 37,4%, а за чатыры месяцы 2026 года кампанія выступіла адпраўшчыкам большага аб’ёму, чым за ўвесь 2025 год. Сярэднемесячныя паказчыкі «Нафтана» і ТАА «Лагістык Энэрджы» былі ніжэйшыя за сярэднія за 2025 год на 21,3 і 55,5% адпаведна.
На бензіны, мазут, дызельнае і рэактыўнае паліва, а таксама газойль прыпала 87,7% паставак у 2025 годзе і 83,2% — у студзені–красавіку 2026 года. Пры гэтым доля бензіну і мазуту знізілася з 69,2 да 65,0%, а сярэднемесячныя аб’ёмы дызельнага і рэактыўнага паліва, а таксама алеяў аказаліся прыкметна вышэйшымі за сярэднія паказчыкі 2025 года.
«Партавая геаграфія стала шырэйшай унутры расійскай сістэмы, але незалежнай альтэрнатывы ёй не ўзнікла. Скарачэнне паўночна-заходняга пляча пачалося яшчэ ў другой палове 2024 года. У разгледжаных перавозках 2025 года паўднёвыя і каспійскія напрамкі занялі больш прыкметнае месца, а ў студзені–красавіку 2026 года доля Лужскай знізілася, тады як Автава, Трусава і Новалесная занялі больш прыкметнае месца ў партовым патоку. …
Больш высокая сярэднемесячная інтэнсіўнасць суправаджалася ўзмацненнем канцэнтрацыі. У студзені–красавіку 2026 года на станцыі Барбароў і Наваполацк прыпала 99,9% танажу, а чатыры станцыі і чатыры тэрмінальныя атрымальнікі акумулявалі каля 95% партовага патоку. Магчымасцяў для пераразмеркавання ўнутры расійскай сеткі стала больш, але залежнасць ад двух беларускіх вузлоў і абмежаванай колькасці тэрміналаў захавалася», — адзначае СЧБ.
У 2026 годзе ўпершыню зафіксаваныя пастаўкі на станцыю Кола на адрас ТАА «Першы Мурманскі тэрмінал». ТАА «Лагістык Энэрджы» адправіла па гэтым напрамку 192 вагоны з 10 752 тонамі бензіну.