Чатырох пацярпелых у ДТЗ у Грузіі выпісалі з бальніц

Чатырох чалавек, якія пацярпелі ў ДТЗ у Грузіі, выпісалі з бальніц. Трох чалавек выпісалі з бальніцы Чахатауры, аднаго — з Батумі, паведамляе БелТА.

«Па стане на вечар пятніцы, 14 жніўня, адзін пацыент выпісаны з Рэспубліканскай клінікі ў Батумі і тры — з бальніцы Чахатауры. Астатнія пацыенты пакуль знаходзяцца пад назіраннем, ім аказваецца ўся неабходная дапамога. Цяжкіх хворых няма, але грузінскія лекары настойваюць, каб яны яшчэ пару дзён пабывалі пад назіраннем. Ім аказваецца ўся неабходная дапамога, у тым ліку зроблены камп’ютарная тамаграфія і рэнтген», — расказаў пасол Беларусі ў Грузіі Мікалай Рагашчук.

Пытанне з рэпатрыяцыяй першых двух цел загінулых будзе вырашана ў найбліжэйшыя 2–3 дні. Целы яшчэ двух загінулых будуць адпраўлены ў Беларусь на пачатку наступнага тыдня.

Нагадаем, 12 жніўня аўтобус з беларускімі турыстамі з’ехаў з дарогі і ўпаў у цясніну па дарозе з горнага курорта Гомісмта. Загінулі чатыры чалавекі, яшчэ 15, у тым ліку 6 непаўналетніх, атрымалі траўмы.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!