Ва Украіне беларускага добраахвотніка асудзілі на 9 гадоў за наркотыкі

Хмяльніцкі гаррайсуд вынес прысуд у дачыненні да грамадзяніна Беларусі, ураджэнца вёскі Стрэльна Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Суд прызнаў яго вінаватым паводле ч. 2 і ч. 3 арт. 307 КК Украіны аб незаконным захоўванні з мэтай збыту наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх аналагаў у асабліва буйных памерах і прызначыў пакаранне ў выглядзе 9 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй усёй маёмасці, акрамя жылля.

Як піша «Наша ніва», гаворка ідзе пра Юрыя Гарупу (пазыўны «Хмель»), які раней праходзіў службу ў палку Каліноўскага і 2-м Інтэрнацыянальным легіёне УСУ.

Пачатак тэрміну адбывання пакарання вылічваецца з дня затрымання 23 студзеня 2024 года. Да ўступлення прысуду ў законную сілу мера стрымання пакінута ў выглядзе ўтрымання пад вартай.

Згодна з матэрыяламі справы, сяржант УСУ наладзіў у Хмяльніцкім схему распаўсюджвання забароненых рэчываў. Праз Telegram ён заказваў партыі наркотыкаў, аплачваў іх крыптавалютай, забіраў пасылкі і раскладваў «закладкі» ў лесапалосах горада. Каардынаты і фота схованак ён захоўваў у тэлефоне для наступнай перадачы пакупнікам.

Гарупу затрымалі 23 студзеня 2024 года каля паштамата «Новай Пошты» з пасылкай, якая змяшчала 127,18 г псіхатропу PVP (альфа-PVP). У схованках паліцыя таксама знайшла канабіс і мефедрон/4-MMC.

Юрый Гарупа знаходзіўся ва Украіне з 2014 года, ваяваў у складзе «Правага сектара» і беларускай роты пры батальёне «Азоў». У сакавіку 2022 года атрымаў цяжкія раненні. З лютага 2023 года праходзіў службу па кантракце ў 2-м Інтэрнацыянальным легіёне УСУ камандзірам мінамётнага ўзвода. У палку Каліноўскага паведамлялі, што ён пакінуў падраздзяленне ў снежні 2022 года. У рашэнні суда пазначана, што Гарупа жанаты, мае на ўтрыманні непаўналетнюю дачку.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!