Ураджэнца Беларусі прысудзілі ў Расіі да 22 гадоў за жорсткае забойства федэральнага суддзі

Валгаградскі абласны суд прысудзіў 48-гадовага прадпрымальніка Сяргея Кібальнікава да 22 гадоў калоніі строгага рэжыму за забойства федэральнага суддзі Васіля Вятлугіна ў Камышыне. Суд прызнаў яго вінаватым у забойстве з асаблівай жорсткасцю, знішчэнні маёмасці, пераробцы зброі і незаконным абароце боепрыпасаў, піша “Коммерсантъ”.

Паводле даных следства, 14 жніўня 2025 года Кібальнікаў застрэліў суддзю з пераробленага карабіна каля будынка суда і дабіў нажом. Падставай паслужыла падазрэнне ў тым, што яго жонка, якая працавала сакратаром у тым жа судзе, здраджвала яму з Вятлугіным.

Акрамя тэрміну асуджанаму прызначаны паўтара года абмежавання волі пасля выхаду з калоніі, штраф 120 тысяч расійскіх рублёў, а таксама выплата 7,5 млн расійскіх рублёў маральнай шкоды сям’і забітага і кампенсацыя іншых выдаткаў.

Кібальнікаў прызнаў віну і заявіў пра намер пасля абвяшчэння прысуду падпісаць кантракт з Міністэрствам абароны Расіі і адправіцца на вайну супраць Украіны.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!