Украіна ўвяла санкцыі супраць Шэймана і сыноў Лукашэнкі

Сталі вядомыя дэталі новага пакета санкцый Украіны супраць Беларусі, указ аб якіх падпісаў прэзідэнт краіны Уладзімір Зяленскі. Меры накіраваны супраць 11 беларускіх юрыдычных асоб і 16 грамадзян Беларусі за садзейнічанне Расіі ў агрэсіі супраць Украіны.

Пад санкцыі трапілі прадпрыемствы, якія вырабляюць дэталі для артылерыйскіх снарадаў калібраў 122 мм і 152 мм для расійскіх войскаў: «Ольса», Мінскі завод «Тэрмапласт» і Кавальскі завод цяжкіх штамповак. Таксама ў спіс увайшлі прадпрыемства «ІК 9», якое вырабляе ўпакоўку для снарадаў, і «НафтаХімДыягностыка», дзе, як сцвярджаецца, выпрабоўваюць боепрыпасы.

Абмежаванні накладзены на Віцебскі завод электравымяральных прыбораў, які пастаўляе абсталяванне для рамонту расійскай бранятэхнікі, «Радыётэхніку», што вырабляе кампаненты для ваеннай тэхнікі, і завод, які рамантуе расійскія самалёты сямействаў «Ту», «Як» і «Іл».

У спісе таксама Мінскі завод грамадзянскай авіяцыі №407, Барысаўскі завод пластмасавых вырабаў і мінскія прадпрыемствы «Чып і Дып» і «407 Тэхнікс».

Сярод фізічных асоб — Віктар Шэйман, Віктар і Дзмітрый Лукашэнкі, Дзмітрый Баразноў, Максім Карпыза, Дзмітрый Кісель, Аляксандр Маркоўскі, Павел Муравейка, Аляксандр Рахманаў, Максім Сырай, Аляксандр Салдаценка, Аляксей Сушкевіч, Дзмітрый Чарэй, Аляксандр Шэлянгоўскі, Наталля Шкет і Станіслаў Яраховіч.

“Сярод фізічных асоб — блізкі саюзнік Аляксандра Лукашэнкі Віктар Шэйман, які на працягу многіх гадоў займаў высокія дзяржаўныя пасады ў Беларусі. Ён выконвае даручэнні самаабвешчанага прэзідэнта, вядзе міждзяржаўныя перамовы і наладжвае ценявыя адносіны ў бізнесе. Датычны да арганізацыі «эскадронаў смерці», якія знішчалі апазіцыйных палітыкаў, актывістаў і грамадскіх дзеячаў. Адзін з арганізатараў схем абыходу санкцый, уведзеных Украінай і дзяржавамі-партнёрамі супраць расійскіх і беларускіх кампаній. Віктар Шэйман знаходзіцца пад санкцыямі ЗША, Еўрасаюза, Вялікабрытаніі, Швейцарыі і Канады.

Таксама санкцыі ўведзены ў дачыненні да Віктара і Дзмітрыя Лукашэнкаў — сыноў самаабвешчанага беларускага прэзідэнта. Яны датычныя да экспарту прадукцыі ў абыход міжнародных санкцый, паставак тавараў двайнога прызначэння і рээкспарту праз тэрыторыю Беларусі”, – паведамілі ў прэс-службе прэзідэнта Украіны.

«Гэта сігнал многім нашым партнёрам, на што варта націскаць, каб усё ж такі знізіць узровень гэтай вайны, яе інтэнсіўнасць. У Расіі няма добрай волі, яе трэба прымушаць да тых ці іншых крокаў, якія неабходныя для зніжэння агрэсіі, і няхай яны ўжо потым называюць гэта сваімі «жэстамі добрай волі».

Трэба, каб Беларусь не была ўцягнута ў вайну. Трэба, каб не было аперацый супраць іншых еўрапейскіх краін. Трэба, каб у гэтай вайне Расіі супраць Украіны быў годны мір», – падкрэсліў Зяленскі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!