Инга Ругинене. Фото: x.com/IRuginiene
Прэм’ер-міністр Літвы Інга Ругінене заявіла, што магчымасць аднаўлення палітычнага супрацоўніцтва з Мінскам на больш высокім узроўні плануецца абмеркаваць на сустрэчы з прэм’ер-міністрам Польшчы, запланаванай на чэрвень. Паводле яе слоў, у Польшчы ёсць пэўныя палітычныя кантакты з Беларуссю, і працэс абмену палітвязнямі ідзе “гладка і стабільна”, піша Delfi са спасылкай на Elta.
“Наколькі мне вядома, у Польшчы ёсць пэўныя кантакты з Беларуссю (…). Мы абменьваемся палітычнымі зняволенымі, і нядаўна была вызвалена значная колькасць палітычных зняволеных, таму сам працэс ідзе гладка і стабільна. Гэта галоўнае. На дадзены момант мне сапраўды нічога не вядома пра некаторыя іншыя дзеянні, але я спадзяюся сустрэцца з прэм’ер-міністрам у чэрвені, і, верагодна, будзе магчымасць абмеркаваць гэта больш падрабязна”, – сказала яна.
Пры гэтым Ругінене падкрэсліла, што Літва гатовая аднавіць палітычныя зносіны з Мінскам на больш высокім узроўні толькі пры выкананні шэрагу ўмоў, агучаных раней. Гаворка ідзе пра спыненне перакідкі кантрабанды праз мяжу з дапамогай метэазондаў, вяртанне затрыманых у Беларусі фур без дадатковых санкцый і спыненне прапуску нелегальных мігрантаў праз мяжу.
Падставай для абмеркавання тэмы стала вызваленне з беларускай турмы журналіста Анджэя Пачобута. Арыштаваны ў 2021 годзе і прысуджаны да 8 гадоў зняволення, у мінулым годзе быў уганараваны прэміяй Еўрапейскага парламента імя Сахарава.