Урад Беларусі зацвердзіў сярэднетэрміновую фінансавую праграму да 2028 года

Савет міністраў Беларусі прыняў пастанову, якой зацверджана сярэднетэрміновая фінансавая праграма рэспубліканскага бюджэту на 2026-2028 гады.

Як патлумачылі ў прэс-службе ўрада, праграмай вызначаюцца сярэднетэрміновыя параметры рэспубліканскага бюджэту:

  • агульны аб’ём расходаў і даходаў,
  • гранічны памер дэфіцыту,
  • гранічныя аб’ёмы расходаў на дзяржаўныя праграмы.

Канкрэтныя значэнні параметраў у паведамленні прэс-службы не прыводзяцца. Верагодна, іх можна будзе даведацца пасля афіцыйнай публікацыі пастановы.

Акрамя таго, у праграме прапісаны меры бюджэтна-падатковай палітыкі:

  • забеспячэнне збалансаванасці рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў у межах наяўных даходаў і крыніц фінансавання дэфіцыту (памеру прафіцыту) бюджэту,
  • канцэнтрацыя бюджэтных сродкаў на прыярытэтных напрамках сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны,
  • своечасовае і ў поўным аб’ёме ажыццяўленне плацяжоў па дзяржаўным доўгу,
  • падатковая нагрузка на эканоміку Рэспублікі Беларусь на ўзроўні, які не перавышае 26% ад валавога ўнутранага прадукту,
  • захаванне сацыяльнай накіраванасці расходаў, рэалізацыя шэрагу мер, накіраваных на павышэнне якасці жыцця насельніцтва, дабрабыту работнікаў бюджэтнай сферы, падтрымка найбольш уразлівых слаёў насельніцтва.

“Праграма зацверджана ў мэтах забеспячэння доўгатэрміновай збалансаванасці рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, выканання дзяржавай сваіх даўгавых абавязацельстваў, а таксама ацэнкі бюджэтных рызык для своечасовай прапрацоўкі мер па іх мінімізацыі”, – дадалі ў прэс-службе.

Дапоўнена 10:30

Мінфін Беларусі пракаментаваў прынятую пастанову. Паводле інфармацыі міністэрства, у 2027 годзе плануецца выйсці на бездэфіцытны, а ў 2028 — на прафіцытны бюджэты.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!