Иллюстративное фото: агроусадьба "Стулы"
У Беларусі мяняюцца тэрміны крэдытаў для суб’ектаў агратурызму, а аддаленым аграсядзібам дазволяць плаціць спецыяльны збор замест падатку. Гэта прадугледжана ўказам «Аб развіцці аграэкатурызму», які падпісаў сёння Аляксандр Лукашэнка.
Дакумент зацвярджае Палажэнне аб парадку ажыццяўлення дзейнасці па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму.
Прадугледжана падаўжэнне льготнага крэдытавання суб’ектаў аграэкатурызму ААТ «Белаграпрамбанк» на неабмежаваны перыяд дзеяння. Выключаюцца ліміты крэдытавання. Тэрміны заключэння крэдытных дагавораў павялічваюцца з 5 да 7 гадоў для сельскагаспадарчых арганізацый і з 7 да 10 гадоў — для фізічных асоб.
Уладальнікі аграсядзіб, якія знаходзяцца далёка ад буйных населеных пунктаў, змогуць выплачваць спецыяльны збор замест падатку. Стаўка збору з 1 студзеня 2026 года складае 45 рублёў. Цяпер збор могуць плаціць толькі тыя аграэкасядзібы, якія атрымалі адпаведнае рашэнне мясцовага выканкама, а астатнія павінны плаціць падатак на прафесійны даход.
Палажэнне таксама дазваляе мець больш за 15 жылых пакояў у аграэкасядзібах і пашырае пералік паслуг, якія могуць аказваць аграсядзібы.
Нагадаем, у 2022 годзе ўмовы працы аграсядзіб былі ўзмоцненыя: устаноўленая адказнасць уладальнікаў за парушэнне грамадскага парадку з боку наведвальнікаў, уведзеная забарона на правядзенне карпаратываў і банкетаў блізка ад суседніх жылых дамоў.
Уладальнікі абавязаныя атрымліваць дазвол на працу ў райвыканкамах. Колькасць аграсядзіб скарацілася ў разы. Паводле даных на снежань 2023 года, перарэгістрацыю прайшлі толькі 1297 з 3043 сядзіб. Толькі ў Браслаўскім раёне, паводле даных на 2024 год, засталося 5 аграсядзіб з 300.