Украінцы і расіяне ўз’ядналіся з сем’ямі на беларускай мяжы

15 снежня на беларуска-ўкраінскай мяжы адбылося ўз’яднанне ўкраінскіх і расійскіх сем’яў. Акцыю анансавала ўчора расійскі амбудсмен Таццяна Маскалькова.

«Ужо заўтра 22 сем’і, 30 чалавек, зноў знойдуць адно аднаго. 15 — вяртаюцца ў Расію, 15 — ва Украіну», — напісала яна ў тэлеграм-канале.

Маскалькова падзякавала Міжнароднаму Камітэту Чырвонага Крыжа, расійскім спецслужбам і беларускаму боку.

Як паведамляе ТАСС, з Украіны ў Расію прыедуць 12 жанчын і трое мужчын. Большасць з іх — пажылыя людзі. Маскалькова заявіла, што Украіна нібыта не прымае шэсць сваіх грамадзян, вывезеных расійскімі вайскоўцамі з Сумскай вобласці.

«І таксама шэсць чалавек, якія знаходзяцца ў нас у Курску, вывезеныя з зоны баявых дзеянняў расійскімі вайскоўцамі і жадаюць вярнуцца ў свае сем’і, да сваіх родных і блізкіх. Але да гэтага часу мы не атрымалі дакладнага разумення, калі ўкраінскі бок гатовы іх забраць. Сёння гэта адно з пытанняў нашай павесткі», — сказала Маскалькова.

Украінскі амбудсмен Дзмітрый Лубінец заявіў, што ва Украіну вярнуліся 15 чалавек, пераважна маламабільных, а таксама 45 чалавек, якія ўтрымліваліся ў пунктах часовага ўтрымання на тэрыторыі Расіі.

Акрамя гэтага, Украіна перадала расійскаму боку 2000 пасылак з гуманітарнай дапамогай для ўкраінскіх палонных і лісты ад сваякоў.

Была дасягнутая дамоўленасць аб верыфікацыі асоб, што зніклі без вестак пры асаблівых абставінах, і перададзеныя адпаведныя спісы. Таксама перададзеныя спісы цяжкапараненых і цяжкахворых, спіс незаконна затрыманых грамадзянскіх украінцаў і асуджаных у Расійскай Федэрацыі ўкраінскіх ваеннапалонных. Таксама абмяркоўваўся “шэраг іншых гуманітарных пытанняў”.

Фота: t.me/dmytro_lubinetzs
Фота: t.me/dmytro_lubinetzs
Фота: t.me/dmytro_lubinetzs
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!