МЗС Беларусі пагражае Латвіі несіметрычнымі мерамі праз закрыццё мяжы

Міністэрства замежных спраў Беларусі выступіла з заявай з нагоды прыпынення працы латвійскага пункта пропуску «Патэрніекі» на мяжы з нашай краінай. У міністэрстве не вераць у «тэхнічны збой», якім латвійскі бок растлумачыў прыпыненне працы. МЗС бачыць у гэтым палітычную падаплёку і пагражае Латвіі мерамі несіметрычнага характару.

«Спасылкі на «тэхнічны збой» на латвійскім пункце пропуску «Патэрніекі» выглядаюць адкрыта непераканаўча, асабліва на фоне прызнанняў саміх кіроўцаў пра тое, што ім было рэкамендавана разгарнуцца ў выкананне пісьмовага ўказання міністра ўнутраных спраў Латвіі спадара Домбравы.

Відавочна, што за ўяўнай паломкай хаваецца чарговае звяно ў ланцугу інструменталізацыі тэмы мяжы. Той факт, што рашэнне пра фактычнае закрыццё ў тэрміновым парадку прымаў асабіста кіраўнік МУС Яніс Домбрава — лідар адной з палітычных сіл, — не пакідае сумненняў у перадвыбарчай прыродзе гэтага цынічнага кроку напярэдадні прызначаных на 3 кастрычніка выбараў у Сейм Латвіі.

У гэтай жа логіцы знаходзяцца і нядаўнія заклікі таго ж міністра да латвійскіх грамадзян адмовіцца ад паездак у Беларусь. І гэта на фоне істотнай цікавасці латышоў да паездак у нашу краіну», — гаворыцца ў заяве беларускага міністэрства.

У Мінску таксама папракнулі Рыгу ў тым, што пра закрыццё пункта не было зроблена папярэджання загадзя.

«Сітуацыя люстрана капіруе бесцырымонную практыку літоўскіх уладаў узору канца 2025 года, калі мяжа таксама закрывалася без папярэджання пад надуманай падставай. Акрамя таго, падобныя безадказныя дзеянні наносяць адчувальную шкоду міжнароднаму гандлю, падрываючы транзітныя маршруты паміж Еўрапейскім саюзам і Кітаем, а таксама краінамі Сярэдняй Азіі, і б’юць па эканамічных інтарэсах самой Латвіі.

У гэтай сувязі латвійскім кампетэнтным органам было б нялішне правесці ўласнае расследаванне і высветліць, дзе насамрэч адбыўся збой — у інфармацыйных сістэмах ці ў палітычнай ангажаванасці іх кіраўніцтва. Характэрна, што на мяжы з Расіяй «тэхнічныя праблемы» чамусьці адсутнічаюць, і рух працягваецца», — дадалі ў МЗС.

Беларускае ведамства расцэньвае тое, што адбылося, як пагарджанне еўрапейскімі каштоўнасцямі.

«Свабода перамяшчэння грамадзян зноў была груба прынесеная ў ахвяру імгненнай унутрыпалітычнай кан’юнктуры. Зрэшты, нават калі непаладкі ў сістэмах сапраўды мелі месца, наўрад ці дзеля такога ўзроўню тэхналагічнай устойлівасці Латвія ў свой час уступала ў ЕС.

У сувязі з гэтым недружалюбным крокам беларускі бок пакідае за сабой права распачаць адказныя дзеянні ў дачыненні да Латвіі, у тым ліку несіметрычнага характару, для абароны нацыянальных інтарэсаў і грамадзян Беларусі. Уся паўната адказнасці за наступствы падобных рашэнняў кладзецца на афіцыйную Рыгу», — заключылі ў МЗС.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!