Матацыкліст урэзаўся ў металічную агароджу ў Маладзечне і загінуў

У Маладзечне ў выніку дарожна-транспартнага здарэння загінуў матацыкліст. Аварыя адбылася ўвечары 31 мая на вуліцы Вялікі Гасцінец паблізу аўтазаправачнай станцыі №29, паведамляе прэс-служба ДАІ Мінскай вобласці.

Паводле папярэдняй інфармацыі, каля 19:30 мужчына 1990 года нараджэння кіраваў матацыклам Suzuki і рухаўся ў напрамку Мінска. На закругленні дарогі кіроўца не справіўся з кіраваннем, пасля чаго транспартны сродак з’ехаў на правую абочыну.

Матацыкл урэзаўся ў металічную агароджу і перакуліўся. Ад атрыманых траўмаў кіроўца загінуў на месцы здарэння.

Па факце ДТЗ праводзіцца праверка, абставіны і прычыны аварыі ўстанаўліваюцца.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!