У Польшчы затрыманы арганізатар міграцыі праз мяжу з Беларуссю

Памежная ахова Польшчы паведаміла пра дзве аперацыі, накіраваныя супраць арганізатараў незаконнай міграцыі.

Памежнікі Надбужанскага аддзела затрымалі 27-гадовага грамадзяніна Польшчы. Ён падазраецца ў арганізацыі незаконнага перасячэння мяжы Беларусі і Польшчы ў 2025 годзе. Мужчына рэгулярна і часта мяняў месца жыхарства, што ўскладняла яго выяўленне. У выніку на арганізатара ўсё ж выйшлі.

Падчас ператрусу ў яго таксама было выяўлена 2,2 кг мефедрону.

Яму прад’яўлены абвінавачанні ў арганізацыі незаконнай міграцыі і захоўванні наркотыкаў. Мужчына заключаны пад варту на тры месяцы.

Другая аперацыя была праведзена ў Мазавецкім і Сілезскім ваяводствах. Была раскрыта схема, якая дазваляла замежнікам атрымліваць дазволы на сезонную працу, афармляць візы і прыязджаць у Польшчу з мэтай далейшага перасялення ў іншыя краіны ЕС. Кліентамі групы былі замежнікі многіх нацыянальнасцяў — туркі, пакістанцы, малдаване, узбекі, беларусы, непальцы, туркмены, грузіны і індыйцы.

“Было ўстаноўлена, што асобы, якія кіравалі будаўнічымі і кадравымі агенцтвамі ў Сілезіі, ашуканскім шляхам атрымлівалі дакументы з ваяводскіх і працоўных упраўленняў, якія затым адпраўлялі за мяжу, спаганяючы за гэта некалькі сотняў еўра. Гэта дазваляла замежнікам атрымліваць сапраўдныя дакументы, якія давалі ім права падаваць заявы на працоўныя візы ў консульствах. Выкарыстоўваючы гэтыя дакументы, яны ўязджалі ў Польшчу і Шэнгенскую зону пад выглядам працаўладкавання. Сабраныя доказы паказваюць на тое, што маштаб аперацыі па адным з напрамкаў расследавання мог перавышаць тысячу чалавек”, — гаворыцца ў паведамленні.

У Сілезіі былі затрыманыя чацвёра грамадзян Польшчы і адзін грамадзянін Украіны.

У маі гэтага года ў Мазавецкім ваяводстве былі затрыманыя сем чалавек, у тым ліку садоўнікі, супрацоўнікі раённага бюро занятасці ў Груйцы.

Падчас аперацый былі канфіскаваныя шматлікія доказы і буйныя сумы грошай.

Фота: Straż Graniczna
Фота: Straż Graniczna
Фота: Straż Graniczna
Фота: Straż Graniczna
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!