Фото: instagram.com/zrobim_architects
10 красавіка ў мінскім офісе архітэктурнай студыі Zrobim architects працягнуліся затрыманні. Паводле інфармацыі «Зеркала», на працоўныя месцы выклікалі тых супрацоўнікаў, якіх не было ўчора падчас першага візіту сілавікоў.
«Затрымліваюць усіх, каго ўчора не было на працоўных месцах. Сёння сказалі ўсім выйсці ў офіс», — распавяла выданню крыніца. Хто аддаў такое распараджэнне, яму невядома.
Паводле інфармацыі суразмоўцы, учора і сёння следчыя дзеянні праводзілі супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК.
Паводле слоў крыніцы, большасць з прыкладна 50 затрыманых учора супрацоўнікаў былі вызвалены. Пад вартай, паводле папярэдняй інфармацыі, застаецца сузаснавальнік студыі Андрэй Макоўскі. Другі сузаснавальнік, Аляксей Караблёў, знаходзіцца ў ЗША.
Нагадаем, 9 красавіка ў офіс ZROBIM architects прыйшлі сілавікі. Былі затрыманы ўсе супрацоўнікі, якія знаходзіліся ў студыі — каля 50 чалавек. Прыбліжаны да сілавікоў тэлеграм-канал звязаў затрыманні з допісам Макоўскага ў сацсетках, у якім ён распавядаў пра ліст з дзяржорганаў аб неабходнасці наймаць ідэолага ў штат кампаніі.
ZROBIM architects — беларуская архітэктурная студыя, заснаваная ў 2011 годзе Андрэем Макоўскім і Аляксеем Караблёвым. Кампанія працуе як у Беларусі, так і за мяжой, і рэгулярна атрымлівае міжнародныя ўзнагароды. У мінулым годзе праект школы ў мінскім мікрараёне Новая Баравая стаў пераможцам IIDA Global Excellence Award 2025 у катэгорыі «Адукацыя».