Дырэктар Офіса Ціханоўскай у Літве абмеркаваў праблемы легалізацыі беларусаў

10 красавіка дырэктар Офіса Святланы Ціханоўскай у Літве Дзяніс Кучынскі сустрэўся з кіраўніцай Дэпартамента міграцыі Літвы Індрэ Гаспэрэ.

Бакі абмеркавалі пытанні, звязаныя з міграцыйнымі працэдурамі і легалізацыяй беларусаў.

У прыватнасці, абмяркоўваліся тэрміны разгляду дакументаў, міжведамасных праверак, а таксама забеспячэнне празрыстай сістэмы адсочвання статусу заяў. Кучынскі закрануў пытанне тэрмінаў чакання рашэнняў, якія ў шэрагу выпадкаў уплываюць на магчымасць працаўладкавання і доступ да сацыяльных гарантый, паведамляе Офіс Ціханоўскай.

Бакі дамовіліся аб правядзенні агульнай сустрэчы ў чэрвені з удзелам зацікаўленых арганізацый. Разглядаецца магчымасць правядзення мерапрыемства на пляцоўцы Дэпартамента міграцыі. На сустрэчу будуць запрошаны прадстаўнікі беларускіх і літоўскіх арганізацый, у тым ліку прафесійных супольнасцей.

Літоўскі бок разглядае магчымасць увядзення больш празрыстай сістэмы адсочвання статусу заяў і тэрмінаў іх разгляду. Плануецца, што абноўленая сістэма дазволіць лепш адлюстроўваць статус знаходжання заяўнікаў. Пакуль заява знаходзіцца на разглядзе, меры прымусовага выезду з краіны прымяняцца не будуць: перыяд разгляду з’яўляецца падставай для легальнага знаходжання ў Літве.

На сустрэчы было ўзнята пытанне аб магчымасці атрымання праязнога дакумента замежніка беларусамі, якія не маюць магчымасці вярнуцца ў Беларусь і атрымаць пашпарт.

Кучынскі перадаў Гаспэрэ дакумент ад юрыдычнага дэпартамента Офіса Ціханоўскай з актуальнай праблематыкай па легалізацыі беларусаў у Літве.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!