У Львове ўшанавалі памяць загінулага падчас Еўрамайдана Міхаіла Жызнеўскага

У «Доме Вольнай Беларусі» ў Львове адбылося ўрачыстае мерапрыемства з нагоды памяці героя Украіны Міхаіла Жызнеўскага, які загінуў 22 студзеня 2014 года падчас Еўрамайдана. Пра гэта паведаміў кіраўнік грамадскага саюза «Білоруська спільнота України» Аляксей Францкевіч.

У памятных мерапрыемствах узялі ўдзел беларусы Львова, прадстаўнікі ўкраінскай грамадзянскай супольнасці і органаў улады. Сярод удзельнікаў былі дэпутаты Львовскага абласнога савета Араслава Хомік і Кацярына Кеньё, старшыня абласной арганізацыі УНА-УНСО Уладзімір Фярцовіч, удзельнік Рэвалюцыі Годнасці Юрый Антоняк, а таксама беларускія ветэраны расійска-ўкраінскай вайны.

Як паведамляе Львовскі абласны савет, удзельнікі агледзелі экспазіцыю, прысвечаную загінулым беларускім вайскоўцам. У ёй прадстаўлены асабістыя рэчы герояў, узнагароды, лісты ад родных. Ля фотаздымкаў загінулых запалілі свечкі памяці. Таксама тут захоўваецца памятная гранітная пліта Міхаіла Жызнеўскага.

«Гэта пляцоўка, дзе збіраюцца беларусы і ўсе, хто імкнецца адстаяць незалежнасць Украіны і незалежнасць Беларусі. Вайна працягваецца, барацьба за свабоду і незалежнасць працягваецца», — падкрэсліў Францкевіч.

Памяць загінулых ушанавалі хвілінай маўчання. Святар львовскага Гарнізоннага храма адслужыў паніхіду, пасля чаго адбыўся паказ відэа, прысвечанага Міхаілу Жызнеўскаму і яго ўдзелу ў Рэвалюцыі Годнасці.

Пра трагічныя падзеі 2014 года ў сваім выступленні згадала ўдзельніца Рэвалюцыі Годнасці, дэпутат Львовскага абласнога савета Араслава Хомік. Яна падкрэсліла, што постаць Міхаіла Жызнеўскага з’яўляецца сімвалам непахіснасці, барацьбы за свабоду і яднання ўкраінскага і беларускага народаў. Таксама яна ўзгадала пра сучасныя страты сярод беларусаў, якія ваююць за Украіну, і пра супраціў беларускага народа дыктатуры і вайне.

«Мы разумелі, што ідзе барацьба за праўду, за свабоду, за святло. І на пахаванне Міхаіла Жызнеўскага прыйшлі тысячы людзей. Тады мы ўсвядомілі, што свабоду не спыніць. І сёння, у гэтай страшнай вайне, нас не перамагчы», — адзначыла Кацярына Кеньё.

Прадстаўнік Упаўнаважанага Вярхоўнай Рады Украіны па правах чалавека ў Львовскай вобласці Тарас Подворны распавёў пра дзяржаўную працу па захаванні памяці пра беларусаў, якія загінулі, абараняючы Украіну, а таксама пра крокі па вырашэнні праблем легальнага знаходжання ва Украіне беларускіх добраахвотнікаў і іх сем’яў.

«Мы ведаем, колькі нашых сяброў-беларусаў сёння ваююць супраць расійскага ворага. Разам з імі працуем над тым, каб ліквідаваць юрыдычныя перашкоды для іх знаходжання ва Украіне. У мінулым годзе мы перадалі ў МУС 25 спраў, і цяпер гэтыя пытанні абмяркоўваюцца на самым высокім узроўні», — паведаміў ён.

Міхаілу Жызнеўскаму пасмяротна было прысвоена званне Героя Украіны. Помнік Жызнеўскаму быў усталяваны ў лістападзе 2014 года непадалёк ад меркаванага месца яго смерці ў Кіеве, на вуглу Пятроўскай алеі і вуліцы Грушэўскага. У 2023 годзе ён быў дэмантаваны па распараджэнні гарадскіх уладаў і цяпер захоўваецца ў Львове.

Фота: facebook.com/lesha.franc
Фота: facebook.com/lesha.franc
Фота: facebook.com/lesha.franc
Фота: facebook.com/lesha.franc
Фота: facebook.com/lesha.franc
Фота: facebook.com/lesha.franc
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!