Фото: twitter.com/Tsihanouskaya
Удзельнікі платформы для дыялогу з расійскімі дэмакратычнымі сіламі пры ПАСЕ выступілі з заявай аб недапушчальнасці ўмяшання Крамля ў палітыку Беларусі і яе ўцягвання ў вайну супраць Украіны. Заява апублікавана на сайце платформы 2 ліпеня.
Яна была зроблена ў рамках выканання рэзалюцыі ПАСЕ аб наданні платформе дэмакратычных сіл Расіі права працаваць у структурах асамблеі. Гэтую ўмову раней вылучала дэлегацыя дэмакратычных сіл Беларусі перад прыняццем рэзалюцыі.
У заяве гаворыцца, што Беларусь з’яўляецца суверэннай дзяржавай, незалежнасць якой паслядоўна парушаецца расійскімі ўладамі праз палітычны і эканамічны ціск, размяшчэнне ваеннай інфраструктуры і ўмяшанне ва ўнутраную палітыку краіны. Аўтары падкрэсліваюць, што размяшчэнне расійскіх ваенных аб’ектаў, выкарыстанне беларускай інфраструктуры расійскай арміяй і падпарадкаванне эканомікі краіны ваенным патрэбам Расіі ствараюць рызыкі як для Украіны, так і для ўсяго рэгіёна.
«З тэрыторыі Беларусі наносіліся ўдары расійскімі ракетамі, а з 2023 года там размешчана расійская тактычная ядзерная зброя — гэта наўпрост пагражае жыхарам памежных рэгіёнаў і павышае рызыку эскалацыі», — гаворыцца ў тэксце.
Аўтары заяўляюць, што беларускае грамадства адхіляе вайну і выкарыстанне краіны як плацдарма для агрэсіі.
«Рэжым Аляксандра Лукашэнкі, які ўтрымаўся ва ўладзе дзякуючы расійскай ваеннай і палітычнай падтрымцы пасля фальсіфікацыі выбараў 2020 года і жорсткага падаўлення пратэстаў, ператварыў Беларусь у саўдзельніка расійскай агрэсіі — у абмен на захаванне ўласнай улады. Гэтая здзелка паміж двума аўтарытарнымі рэжымамі груба парушае суверэнітэт беларускага народа і нормы міжнароднага права, і адказнасць за яе нясуць абодва бакі», — падкрэсліваюць яны.
Удзельнікі платформы заяўляюць пра безумоўную падтрымку дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці Беларусі і іх пазіцыі адносна незалежнай, суверэннай Беларусі, свабоднай ад знешняга палітычнага і ваеннага дыктату. Яны таксама выказалі пазіцыю, што дэмакратычная Расія будзе разглядаць дэмакратычную Беларусь як раўнапраўнага партнёра і будзе выбудоўваць адносіны ў інтарэсах абодвух народаў.