Наўседа: Веру, аднойчы перамогуць і дэмакратычныя сілы нашых суседзяў — беларусаў

Сёння ў Вільні праходзяць мерапрыемствы, прысвечаныя гадавіне паўстання 1863–1864 гадоў. У іх удзельнічаюць прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі, кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Святлана Ціханоўская.

У 12:30 па мясцовым часе ў Віленскім кафедральным саборы пачалося памятнае богаслужэнне, пасля якога на могілках Росы адбудзецца цырымонія ўшанавання памяці ўдзельнікаў паўстання.

У сваёй прамове Гітанас Наўседа згадаў Кастуся Каліноўскага і заявіў, што паўстанцы не маглі змірыцца з жыццём пад прыгнётам, а іх прыхільнасць да свабоды цяпер суправаджае іх нашчадкаў.

“Не маючы ўласнага досведу жыцця ў вольнай краіне, яны захавалі бязмежную веру ў свабоду як у самую каштоўную спадчыну. І на агульную барацьбу яны ішлі пад адным сцягам — сцягам Арла, Пагоні і Архангела.

Сёння мы ведаем, што гераічныя намаганні паўстанцаў праклалі шлях новым формам супраціву. Набраўшыя сілу асобныя нацыянальныя рухі ў канчатковым выніку сталі найважнейшай вызваленчай сілай і асновай будучых незалежных дзяржаў. Менавіта ўнаследаваная традыцыя свабоды назаўжды аддзяліла нашы народы — літоўцаў, палякаў, украінцаў, беларусаў — ад Расіі, якая прыкладала ўсе намаганні, але так і не змагла разбурыць гэтую нябачную, але надзвычай трывалую сцяну”, — сказаў ён.

Паводле яго слоў, падзеі тых гадоў адлюстроўваюцца ў сучаснай гісторыі Украіны, якая працягвае супраціўляцца расійскай агрэсіі.

“Прыклад Украіны найбольш наглядна паказвае, што сапраўднае, непадробнае імкненне да свабоды немагчыма зламаць. Аднойчы ўспыхнуўшы магутнай сілай, яно пакідае незгладжальны след у сэрцах і розумах людзей. Забойствы, рэпрэсіі, прапагандысцкі ціск — усё гэта толькі яшчэ больш згуртоўвае, узмацняе рашучасць супраціўляцца і набліжае перамогу. Так, я веру, аднойчы перамогуць і дэмакратычныя сілы нашых суседзяў — беларусаў”, — заявіў літоўскі лідар.

“Гісторыя вучыць нас, што тыранія грунтуецца на страху і забыцці. Свабода ж грунтуецца на памяці і салідарнасці. Студзеньскае паўстанне, хоць і прайгранае ў ваенных адносінах, было перамогай у маральным і духоўным плане. Яно абудзіла сумленне народаў, захавала іх ідэнтычнасць, перадала наступным пакаленням, што здавацца нельга”, — падкрэсліў у сваім выступленні Караль Наўроцкі.

“Няхай памяць пра Студзеньскае паўстанне стане для ўсіх нас абавязацельствам да адзінства, узаемнай падтрымкі, абароны праўды, адмовы ад цынізму, які прымушае мацнейшага дыктаваць умовы слабому. Гісторыя замыкаецца, і яе самыя небяспечныя моманты заўсёды пачынаюцца са спроб пазбавіць іншых права на свабоду, але ад нас залежыць, ці завершыцца яна вяртаннем да рабства або пацвярджэннем таго, што Еўропа вынесла ўрокі са свайго мінулага”, — дадаў ён.

Скрыншот відэа Office of the President of Ukraine
Фота: lrp.lt
Фота: lrp.lt
Фота: lrp.lt
Фота: lrp.lt
Фота: lrp.lt
Фота: lrp.lt
Фота: lrp.lt
Фота: x.com/prezydentpl
Скрыншот відэа Office of the President of Ukraine
Скрыншот відэа Office of the President of Ukraine
Скрыншот відэа Office of the President of Ukraine
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!