Трамп выказаў надзею на сустрэчу з Лукашэнкам

Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі апублікавала спіс віншаванняў з Днём Незалежнасці, які ў Беларусі адзначаецца 3 ліпеня. Паведамляецца, што віншаванні накіравалі, у тым ліку, лідары ЗША, Кітая, Расіі, Казахстана, Узбекістана, Азербайджана, Таджыкістана, Кыргызстана, Туркменістана, Манголіі, Турцыі, Паўночнай Карэі, Пакістана, Ізраіля, Саудаўскай Аравіі, Амана, ААЭ, Егіпта, Бахрэйна, В’етнама, Нікарагуа, М’янмы, ПАР, Марока, Алжыра, Іарданіі, Камбоджы, Палесціны, Судана і Чада, ААН, ШАС, СНД, ЕАЭС і АДКБ, а таксама Папа Рымскі Леў XIV і патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пажадаў Лукашэнку і народу Беларусі мірнага і квітнеючага года і выказаў надзею на будучую сустрэчу.

«Вам і народу Беларусі я перадаю свае шчырыя пажаданні мірнага і квітнеючага года і спадзяюся на сустрэчу з Вамі ў будучыні», — прыводзіцца тэкст яго віншавання.

Старшыня КНР Сі Цзіньпін выказаў гатоўнасць развіваць двухбаковыя адносіны і высакаякаснае супрацоўніцтва паміж краінамі.

«Гатовы разам з Вамі прыкладаць сумесныя намаганні для прасоўвання развіцця двухбаковых адносін на высокім узроўні, садзейнічання высакаякаснаму супрацоўніцтву паміж абодвума бакамі на карысць двух народаў», — напісаў ён.

У сваім віншаванні Уладзімір Пуцін заявіў, што саюзніцкія расійска-беларускія адносіны абапіраюцца на традыцыі братэрскага сяброўства, загартаваныя ў гады вайны.

«Вузы братэрскага сяброўства і ўзаемадапамогі, загартаваныя ў суровыя ваенныя гады, і сёння застаюцца надзейнай асновай для развіцця саюзніцкіх расійска-беларускіх адносін», — лічыць расійскі лідар.

Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў адзначыў перспектывы далейшага развіцця казахстанска-беларускіх адносін, а прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў назваў поспехі Беларусі сведчаннем «эфектыўнасці» курсу, які праводзіць Лукашэнка.

Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў адзначыў традыцыі сяброўства паміж народамі дзвюх краін, а прэзідэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон заявіў пра поспехі Беларусі ў сацыяльна-эканамічным развіцці.

Прэзідэнт Кыргызстана Садыр Жапараў напісаў пра ўстойлівае развіццё Беларусі і «ўмацаванне яе аўтарытэту» на міжнароднай арэне, а прэзідэнт Туркменістана Сердар Бердымухамедаў выказаў упэўненасць у далейшым умацаванні адносін паміж краінамі.

Прэзідэнт Манголіі Ухнаагійн Хурэлсух адзначыў гатоўнасць працягваць супрацоўніцтва з Лукашэнкам, а прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган указаў на ролю дыялогу паміж краінамі ў падтрыманні міру ў рэгіёне.

Лідар Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын выказаў упэўненасць у развіцці карэйска-беларускіх адносін пасля сустрэчы з Лукашэнкам у Пхеньяне ў сакавіку гэтага года. Прэзідэнт Егіпта Абдэль Фатах ас-Сісі адзначыў трывалыя сувязі паміж краінамі і выказаў надзею на іх далейшае ўмацаванне.

«Віншаванні працягваюць паступаць», — заявілі ў прэс-службе Лукашэнкі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!