Фото: pixabay.com
Урад Літвы прапанаваў дапрацаваць ініцыятыву аб забароне на ўезд для замежных артыстаў і іншых прадстаўнікоў культурнай сферы, якія пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны працягвалі працаваць у Беларусі, Расіі або на акупаваных тэрыторыях, піша LRT.
Нагадаем, законапраект падрыхтавалі мэр Вільнюса Валдас Бенкунскас і член Сейма Вітаўтас Кярнагіс. Дакумент прадугледжвае магчымасць забараняць уезд у Літву такім замежнікам тэрмінам да пяці гадоў. Пасля прадстаўлення ініцыятыву ўжо падтрымаў Сейм.
На сённяшнім пасяджэнні ўрад у цэлым ухваліў мэты законапраекта, аднак рэкамендаваў не працягваць яго разгляд у Сейме. На думку кабміна, пастаўленых мэт можна дасягнуць з дапамогай паправак да закона аб устанаўленні абмежавальных мер у сувязі з ваеннай агрэсіяй супраць Украіны, падрыхтаваных Міністэрствам замежных спраў.
Прапанаваныя папраўкі прадугледжваюць забарону беларускім і расійскім фізічным і юрыдычным асобам, а таксама звязаным з імі арганізацыям на публічную дзейнасць у Літве ў сферах адукацыі, навукі, культуры, спорту, мастацтва і забаў пры наяўнасці ўстаноўленых законам падстаў.
Пры гэтым, калі Сейм працягне разгляд ініцыятывы кансерватараў, урад прапануе істотна ўдакладніць падставы для забароны на ўезд. На думку кабміна, аднаго толькі факта выступлення або іншай культурнай дзейнасці ў Расіі, Беларусі альбо на акупаваных тэрыторыях пасля 24 лютага 2022 года недастаткова. Прапануецца ўлічваць характар, маштаб і інтэнсіўнасць дзейнасці канкрэтнага чалавека, а таксама яе магчымую сувязь з прапагандай, дэзінфармацыяй або пагрозай нацыянальнай бяспецы.
Акрамя таго, урад лічыць неабходным вызначыць механізм індывідуальнай ацэнкі пагрозы, забяспечыць выкананне прынцыпу прапарцыянальнасці і прадугледзець падставы для непрымянення абмежаванняў або магчымыя выключэнні.
Раней Літва ўжо ўводзіла забароны на ўезд для асобных артыстаў, якія падтрымліваюць расійскія ўлады і выступалі ў Расіі або Крыме. Сярод іх расійскі рэпер Гіа Піка (сапраўднае імя – Георгій Джыоеў).