Трамп абвясціў пра “самую разгромную эканамічную аперацыю” супраць Ірана

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абвясціў пра пачатак эканамічнай аперацыі супраць Ірана. Ён мае намер забяспечыць ізаляцыю краіны беспрэцэдэнтнага маштабу.

“Ніхто не даваў Ісламскай Рэспубліцы Іран большай магчымасці заключыць здзелку, чым я. На жаль, яны ёю не скарысталіся. Таму сёння я абвяшчаю пра САМУЮ РАЗГРОМНУЮ ЭКАНАМІЧНУЮ АПЕРАЦЫЮ, ЯКАЯ КАЛІ-НЕБУДЗЬ ПРАВОДЗІЛАСЯ СУПРАЦЬ ЯКОЙ-НЕБУДЗЬ КРАІНЫ!

Гэта будзе эканамічная вайна і ізаляцыя беспрэцэдэнтнага маштабу. Іх флот знішчаны, іх ваенна-паветраныя сілы разбураныя, іх ваенныя заводы ператварыліся ў руіны, іх валюта абясцэнілася, і іх краіна вісіць на валаску”, – напісаў ён у сетцы Truth Social.

Паводле яго слоў, любая краіна, якая будзе аказваць дапамогу Ірану, сутыкнецца з наступствамі.

“Сёння я таксама абвяшчаю, што ЛЮБАЯ краіна, якая дазволіць сваім фінансавым установам, прадпрыемствам, аэрапортам або дзяржаўным структурам аказваць Ірану якую-небудзь падтрымку, сама сутыкнецца з ВЕЛІЗАРНЫМІ эканамічнымі наступствамі. Кантрабанда нафты, свопавыя лініі, грашовыя пераводы, абменныя пункты, суднавыя рэестры, падстаўныя кампаніі — усяму гэтаму трэба пакласці канец НЕАДКЛАДНА.

Вы ведаеце, хто вы. Гэта будзе эканамічны «дзень Д», і нам патрэбная падтрымка ўсіх нашых саюзнікаў, каб ізаляваць і перамагчы іранскую пагрозу. Гэтыя маньякі загнаныя ў кут, і гэтыя гістарычныя меры паралізуюць іх і іх здольнасць распаўсюджваць тэрор па ўсім свеце. У Ірана ніколі не будзе ядзернай зброі”, – дадаў ён.

Нагадаем, ЗША ўжо ажыццяўляюць блакаду марскіх партоў Ірана на паўднёвым узбярэжжы краіны. Супраць Тэгерана таксама ўведзеныя эканамічныя санкцыі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!