У Кіеве абмеркавалі вызваленне беларускіх добраахвотнікаў з расійскага палону

Падчас візіту ў Кіеў Святлана Ціханоўская з беларускай дэлегацыяй сустрэлася з кіраўніцтвам украінскага Каардынацыйнага штаба па пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі.

У яго ўваходзяць прадстаўнікі 22 дзяржаўных органаў, сілавых структур і ведамстваў, у тым ліку ГУР, офіса прэзідэнта, паліцыі. З украінскага боку ва сустрэчы ўдзельнічалі сакратар штаба, брыгадны генерал Дзмітрый Усаў, кіраўнік сакратарыята Багдан Ахрыменка і яго каманда, а таксама пасол па асаблівых даручэннях МЗС Украіны па адносінах з дэмакратычнымі сіламі Беларусі Яраслаў Чарнагор.

Ціханоўская падзякавала штабу за супрацоўніцтва пры арганізацыі бяспечнага вывазу беларускіх палітвязняў, вызваленых пры садзейнічанні ЗША. Штаб арганізаваў суправаджэнне і падтрымку вызваленых і падтрымліваў сувязь з прадстаўнікамі Офіса Ціханоўскай і Аб’яднанага пераходнага кабінета.

Бакі абмеркавалі сітуацыю з беларускімі добраахвотнікамі, якія ваююць за Украіну, і вырашэнне іх праблем. Асобна разглядаліся лёсы беларускіх вайскоўцаў Яна «Тромблі» Дзюрбейкі і Сяргея «Кляшча» Дзегцява, якія знаходзяцца ў расійскім палоне, і магчымасці іх абмену. Абмяркоўваліся таксама перспектывы вызвалення або абмену палітвязняў у беларускіх турмах, асуджаных за падтрымку Украіны, і сітуацыя з Васілём Верамейчыкам і іншымі закладнікамі. У Офісе Ціханоўскай адзначылі, што існуюць пэўныя абмежаванні, звязаныя з міжнароднымі канвенцыямі, якія ўскладняюць абмен грамадзянскіх на вайсковых з удзелам трэцяй краіны.

Абмеркавалі таксама супрацоўніцтва для спынення рэкрутынгу беларусаў у расійскую армію. Як заяўляюць у Офісе, многія з тых беларусаў, што ідуць у расійскую армію, робяць гэта дзеля грошай, і ўжо 400 беларускіх грамадзян, якія ваявалі за Расію, загінулі.

Падчас сустрэчы адбыўся відэазванок паміж Ціханоўскай і трыма грамадзянамі Беларусі, якія ваявалі за Расію, былі ўзятыя ў палон і знаходзяцца ў лагеры для ваеннапалонных. На пытанне пра матывацыю яны адказалі, што пайшлі ваяваць дзеля грошай і цяпер шкадуюць пра гэта. Іх лёс застаецца нявызначаным, паколькі Беларусь і Расія не зацікаўленыя ў іх вызваленні або абмене.

Удзельнікі сустрэчы таксама дамовіліся абменьвацца інфармацыяй пра незаконны вываз украінскіх дзяцей у Беларусь. Павел Латушка і яго каманда Народнага антыкрызіснага ўпраўлення сабралі доказы прымусовага вывазу і перададуць матэрыялы ўкраінскаму боку.

Бакі дамовіліся стварыць рабочую групу для працягу супрацоўніцтва.

Фота: t.me/tsikhanouskaya
Фота: t.me/tsikhanouskaya
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!