Беларусь і Грузія абмеркавалі грузавыя чыгуначныя перавозкі і пастаўкі вагонаў

У Мінску адбылася рабочая сустрэча начальніка «Беларускай чыгункі» Валерыя Верэніча і генеральнага дырэктара Грузінскай чыгункі Лашы Абашыдзэ, паведамілі ў прэс-службе БЧ.

Бакі абмеркавалі арганізацыю грузавых перавозак у зносінах Беларусь — Грузія — Беларусь і фарміраванне канкурэнтаздольных тарыфных умоў. Грузінскі бок пацвердзіў гатоўнасць закупляць беларускую чыгуначную прадукцыю — у прыватнасці, грузавыя вагоны вытворчасці Магілёўскага вагонабудаўнічага завода і Асіповіцкага завода транспартнага машынабудавання.

У рамках візіту грузінская дэлегацыя мае намер наведаць цэнтр кіравання перавозкамі Беларускай чыгункі, азнаёміцца з распрацоўкамі канструктарска-тэхнічнага цэнтра БЧ, а таксама з вытворчымі магутнасцямі Мінскага вагонарамонтнага завода, Барысаўскага шпалапрапітальнага завода і двух вагонабудаўнічых прадпрыемстваў.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!