У ГУР Украіны ацанілі верагоднасць новай атакі з поўначы

Магчымасць расійскай атакі з паўночнага кірунку на Чарнігаўскую або Кіеўскую вобласць Украіны залежыць ад мабілізацыі ў РФ. Такую ацэнку ў інтэрв’ю “РБК-Украіна” выказаў намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны Вадзім Скібіцкі.

“Гэта будзе залежаць ад мабілізацыі ў РФ, а ці будзе мабілізацыя — мы ўбачым толькі пасля выбараў. Праявяцца індыкатары і разведвальныя прыкметы мабілізацыйных мерапрыемстваў, схаваную мабілізацыю ў наш час правесці немагчыма. Але праціўнік, так ці інакш, гатовы да яе, бо ёсць дзейны ўказ Пуціна яшчэ з 2022 года.

Да выбараў яны будуць спрабаваць паказваць якія-небудзь дасягненні на тых участках фронту, дзе яны могуць нешта зрабіць. А ўжо пасля — магчыма, будзе мабілізацыя”, — сказаў ён.

Паводле яго слоў, пры правядзенні частковай мабілізацыі ў Расіі ў кастрычніку 2022 года першыя баявыя падраздзяленні з мабілізаваных з’явіліся на фронце ў снежні-студзені.

“То-бок калі агрэсар сёлета правядзе новую хвалю мабілізацыі — яны могуць падрыхтаваць магутную ўдарную групоўку бліжэй да лютага, у пачатку наступнага года. А гэта не выключае, што расійскае камандаванне можа арганізаваць такую аперацыю ў лютым, ведаючы любоў Пуціна да сімвалічных дат.

Але гэтыя графікі будуць залежаць ад таго, колькі людзей яны будуць мабілізаваць і ці будзе ўвогуле мабілізацыя.

Ці можа праціўнік пачаць наступальныя дзеянні з Поўначы сёлета? Тэарэтычна так, але на практыцы няма ўмоў, індыкатараў, якія паказваюць, што яны гатовыя да гэтай аперацыі, няма войскаў для гэтага”, — сказаў Скібіцкі.

Паводле яго слоў, цяпер страты расійскага боку перавышаюць месячны набор кантрактнікаў. Усяго ж расійская групоўка, паводле даных ГУР, налічвае 670 тысяч баявога кампанента і 65 тысяч асабовага складу ў аператыўным рэзерве.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!