Фото: Volkan Olmez / Unsplash.com
У Беларусі змянілі падыходы да налічэння маёмасных падаткаў на ўласнасць сужэнцаў. Пра гэта расказаў у панядзелак намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб — начальнік упраўлення падаткаабкладання маёмасці і прадпрымальніцкай дзейнасці фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Дзяніс Церашкоў.
“Да бягучага года падатак за аб’екты ў сумеснай уласнасці налічваўся камусьці аднаму (альбо мужу, альбо жонцы) на падставе пісьмовага паведамлення. З мінулага года гісторыя стала нашмат больш масавай, і ў мэтах аптымізацыі працэсу налічэння былі ўнесены змены ў частцы налічэння падаткаў за 2025 і наступныя гады. Цяпер у выпадку, калі сумесная ўласнасць адначасова зарэгістраваная адразу за двума ўдзельнікамі, то-бок за мужам і жонкай, то падатак будзе налічвацца кожнаму з удзельнікаў, але з паніжальным каэфіцыентам 0,5. То-бок, напрыклад, калі падатак за кватэру 70 рублёў, то кожнаму з удзельнікаў трэба заплаціць па 35 рублёў. То-бок кожны плаціць падатак за кватэру, але ў палавінным памеры”, — паведаміў ён.
Паводле яго слоў, таксама былі ўнесены змены ў КаАП. Цяпер несвоечасовая выплата альбо ўвогуле нявыплата маёмасных падаткаў больш не прызнаецца адміністрацыйным правапарушэннем.
“Раней за гэта прадугледжвалася адміністрацыйная адказнасць у памеры 15% ад нявыплачанай сумы, калі гэта было ненаўмысна, а калі нявыплата была дапушчаная наўмысна, то да 40%. З гэтага года гэтая адміністрацыйная адказнасць для фізічных асоб была замененая на іншую норму. У выпадку калі грамадзянін не разлічыўся па сваіх падатковых абавязацельствах да канца бягучага года, а памер нявыплаты перавышае адну базавую велічыню, то ў наступным годзе пры налічэнні падаткаў яму дадаткова да прад’яўленай сумы будзе налічана яшчэ 15% ад той сумы, якую ён недаплаціў у бягучым годзе”, — сказаў ён.