У дзяржкультуры нічога новага: курс на ідэалогію і кіно. Новапрызначаны міністр вызначыў арыенціры

Новы міністр культуры Марат Маркаў сам напрасіўся ўзначаліць мінкульт. Каментуючы прызначэнне Марата Маркава на пасаду міністра культуры, Аляксандр Лукашэнка сказаў: «Калі мне далажылі аб тым, што Марат Сяргеевіч просіць, каб яго прызначылі міністрам культуры, я некалькі здзівіўся, але вітаў гэта. Дай бог, каб уздым кіравання культурай у нас пачаўся з цябе. Я буду толькі рады. Чалавек, які вырас на маіх вачах. Я буду толькі рады».

Пры прызначэнні Лукашэнка згадаў асабліва актуальныя для дзяржавы «кропкавыя пытанні». І найважнейшым для дзяржкультуры па-ранейшаму з’яўляецца кіно. «Як бы там ні было, беларускім кіно трэба займацца. Трэба займацца цесна, шукаць таленты перш за ўсё сярод сцэнарыстаў, рэжысёраў… У нас ёсць таленавітыя акцёры, але без добрага сцэнара і таленавітай рэжысуры эфекту не будзе. Я вельмі спадзяюся, што ў маю бытнасць міністрам у нас у гэтым плане зрухі будуць», – адзначыў Марат Маркаў.

Міністр падкрэсліў, што заўсёды прытрымліваўся аднаго прынцыпу ў кіраванні: ніколі не перашкаджаць творчым людзям працаваць. «На мой погляд, для людзей творчых (а сфера культуры самая што ні на ёсць творчая) трэба ствараць умовы для рэалізацыі. І гэта першае, на што варта звярнуць увагу. Трэба дапамагчы людзям рэалізавацца, таму што іх поспех будзе поспехам усёй сферы і міністра», – сказаў Марат Маркаў. У сітуацыі цэнзуры, «чорных спісаў» і звальненняў па ідэалагічных матывах гэтае выказванне выглядае вельмі своеасаблівым.

Затое цяпер курс ведамства акрэслены вельмі ясна: «У культуру, як у значную частку ідэалогіі, трэба ўкладвацца, каб яна працавала на незалежнасць і суверэнітэт дзяржавы. Каб людзі, якія працуюць у культуры, былі патрыётамі і прыхільнікамі дзяржавы. Гэта абсалютна нармальна».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!