МАРГ знайшоў дарагую гародніну на рынку «Валяр’янава» і «забаронку» ў Гомелі

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю правяло праверкі на рынку «Валяр’янава» пад Мінскам і знайшло ў продажы фрукты і гародніну, якія прадаваліся па завышаных цэнах.

ТАА «Мішыка» завысіла гандлёвыя надбаўкі і прадавала агуркі за 9,90 рубля замест дазволеных 4,04 рубля, памідоры — 19,38 замест 15,04 рубля, цыбулю — 6,41 замест 4,75 рубля.

ТАА «Фрукты Свету» прадавала апельсіны па цане 24,0 замест 8,83 рубля, лімоны і памела – па 19,90 замест 8,41 і 4,98 рубля адпаведна.

Абедзве кампаніі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. «Мішыка» аштрафавалі на 10,6 тысячы рублёў, «Фрукты Свету» — на 1,35 тысячы рублёў.

Парушэнні таксама былі знойдзены ў Нясвіжы і Нясвіжскім раёне. Правяраючыя выявілі там 17 найменняў тавараў (ад каўбас да цукерак), якія прадаваліся з пратэрмінаванымі тэрмінамі прыдатнасці. Забаронена рэалізацыя тавараў на агульную суму каля 1,3 тысячы рублёў, у тым ліку каўбасных вырабаў вагой больш за 39 кг.

У Гомелі грамадзянін паскардзіўся ў МАРГ на продаж цукерак Kinder Joy з «недружалюбных краін». Прадстаўнікі міністэрства прыйшлі з праверкай у крамы «Сладко и точка» і «Торгодел». Продаж кандытарскіх вырабаў на суму больш за 3,5 тысячы рублёў быў спынены. Прадаўцоў збіраюцца прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці.

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!