Фото: ОПК
23 лютага ў Бруселі ў рамках Мемарандума аб узаемаразуменні паміж Беларускімі дэмакратычнымі сіламі і Еўрапейскім эканамічным і сацыяльным камітэтам (ЕЭСК) адбыліся мэтавыя слуханні знешнепалітычнай групы Камітэта, паведамляе Аб’яднаны пераходны кабінет.
Тэма слуханняў «Беларусь — ад рэпрэсій да правоў: свабода прафсаюзаў, артыкул 33 МАП і прававы статус у Еўропе для былых беларускіх палітычных зняволеных».
У дэбатах прынялі ўдзел старшыня ЕЭСК Шэймус Боланд, спецпасланнік Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) па Беларусі Лелія Карэа, старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук, намеснік кіраўніка Дэлегацыі Еўрапарламента па адносінах з Беларуссю Міхал Кабоска, прадстаўнікі Еўрапейскай службы знешніх сувязяў і Генеральнага дырэктарата па міграцыі Еўракамісіі, дэлегаты ЕЭСК і прадстаўнікі беларускай грамадскасці.
Удзельнікі слуханняў адзначылі, што татальнае ігнараванне рэжымам Беларусі працоўных правоў, уключаючы права на свабоду аб’яднанняў, не можа заставацца беспакараным. Удзельнікі выказалі падтрымку дзейнасці спецпасланніка МАП, які імкнецца абараняць правы працоўных праз канструктыўны дыялог з беларускімі ўладамі.
Адначасова на слуханнях прагучала папярэджанне: невыкананне патрабаванняў кантрольных механізмаў МАП стварае падставы для ўзмацнення абмежавальных мер супраць рэжыму з боку дэмакратычных краін і міжнародных арганізацый.
«Наша ўзаемадзеянне будзе працягнута на падставе падпісанага ў чэрвені 2025 года Мемарандума, што было таксама пацверджана ў заяве новага старшыні ЕЭСК Шэймуса Боланда», — заявіў прадстаўнік АПК па міжнародным і еўрапейскім супрацоўніцтве Уладзімір Астапенка.