Игорь Карней. Фото: facebook.com/ihar.karnei
Былы палітвязень і экс-журналіст «Радыё Свабода» Ігар Карней расказаў, што пасля вызвалення і прымусовага вывазу з Беларусі апынуўся за мяжой без дзейных дакументаў, якія пацвярджаюць яго прававы статус.
Паводле яго слоў, тэрмін дзеяння выдадзенай яму год таму літоўскай нацыянальнай візы скончыўся 10 ліпеня. Пры гэтым працэс разгляду яго хадайніцтва аб наданні міжнароднай абароны ў Партугаліі, дзе ён цяпер жыве з сям’ёй, фактычна спыніўся.
«Нарэшце скончылася і апошняя паперка, якая надавала хоць нейкую легітымнасць у гэтым свеце. Гэта я пра нацыянальную літоўскую візу, якую атрымаў неўзабаве пасля чэрвеньскай высылкі-2025 — першай з больш-менш масавых здзелак у гандлі палітвязнямі. Дакладней, спачатку была кароткая двухтыднёвая, аформленая проста на памежным пераходзе ў Медніках — вочы яшчэ не паспелі прывыкнуць да святла пасля кдэбэшных мяшкоў. А ўжо на падставе хадайніцтва праваабаронцаў і былых працадаўцаў летась 10 ліпеня апгрэйдзілі да гадавой — менавіта яе тэрмін і падышоў да фінішу», — напісаў ў Facebook.
Карней расказаў, што пасля пераезду на Азорскія астравы спачатку спрабаваў легалізавацца праз уз’яднанне сям’і, аднак атрымаў адмову з-за немагчымасці падаць даведку аб несудзімасці.
«Першапачатковая спроба аўтаматычна далучыцца да сям’і трэцім нумарам поспеху не мела, тутэйшыя клеркі проста апантаныя даведкай аб несудзімасці. Прычым паўсюль — ад згаданага офіса да камерцыйных банкаў. Нават паабяцалі дэпартацыю ў краіну першага ўезду, калі да прызначанай даты такую не здабуду. Добра, што партугальская сістэма кантролю настолькі лянівая, што ўсе пагрозы насамрэч — толькі страсанне паветра», — піша ён.
Пасля гэтага Карней падаў заяву на міжнародную абарону. Яму выдалі часовы дакумент, які пацвярджае прыняцце хадайніцтва да разгляду, аднак тэрмін яго дзеяння скончыўся больш за два месяцы таму. Паводле яго слоў, атрымаць новы дакумент або інфармацыю пра ход разгляду справы пакуль не ўдаецца.
Дадатковай праблемай стала тое, што беларускія ўлады анулявалі яго пашпарт, нягледзячы на тое, што фармальна ён дзейнічае да 2030 года. Пры гэтым, паводле слоў Карнея, у Партугаліі гэты дакумент прымалі пры афармленні працоўнага дагавора, банкаўскага рахунку і рэгістрацыі ў падатковых органах.
«Па вялікім рахунку, застаецца толькі расслабіцца і плыць разам з цячэннем. Хіба што засмучае бестэрміновая прывязка да месца аселасці. Бо калі дагэтуль ратавала літоўская віза, то цяперашні статус недалёкі ад бяздомнага», — рэзюмаваў былы палітвязень.
Журналіста «Радыё Свабода» Ігара Карнея затрымалі ў ліпені 2023 года, а ў сакавіку 2024-га прысудзілі да 3 гадоў пазбаўлення волі паводле артыкула аб удзеле ў экстрэмісцкім фармаванні. Паводле абвінавачання, ён супрацоўнічаў з БАЖ, прызнанай «экстрэмісцкім фармаваннем», і ў сваіх матэрыялах нібыта «ствараў ілжывае ўяўленне пра эканамічнае, сацыяльнае, ваеннае і міжнароднае становішча Рэспублікі Беларусь». Пазней яго асудзілі яшчэ на 8 месяцаў пазбаўлення волі, абвінаваціўшы ў злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі калоніі (ч. 1 арт. 411 КК). Карнея вызвалілі і прымусова вывезлі ў Літву ў чэрвені 2025 года.