Еўрапарламент заклікаў узмацніць санкцыі супраць Беларусі

Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю ў чацвёртую гадавіну поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. У рэзалюцыі згадваецца Беларусь.

Еўрадэпутаты нагадваюць, што Беларусь пастаўляе Расіі боепрыпасы і зброю, а таксама дазволіла Расіі выкарыстоўваць сваю тэрыторыю для нападу на Украіну. Таксама згадваецца тое, што ад 20 тысяч да 35 тысяч украінскіх дзяцей былі прымусова дэпартаваныя з акупаваных тэрыторый Украіны ў Расію і Беларусь.

Еўрапарламент заклікае прыцягнуць Расію і беларускі рэжым да адказнасці за вайну, ваенныя злачынствы і злачынства агрэсіі.

Рэзалюцыя таксама заклікае не здымаць санкцыі да заключэння і ўстойлівай рэалізацыі мірнага пагаднення і ўзмацніць санкцыі, увёўшы забарону на астатні імпарт з Беларусі і Расіі.

Еўрадэпутаты таксама прапануюць ЕС забараніць гандаль і камерцыйную дзейнасць з Расіяй і Беларуссю, «з асаблівым акцэнтам на любыя тавары патэнцыйна двайнога прызначэння».

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!