Нават пасля 16 гадоў гісторыі: у Дудутках адмянілі фестываль «Наш Грюнвальд 2026»

Стала вядома, што XVII міжнародны фестываль гістарычнай рэканструкцыі «Наш Грюнвальд 2026», які меўся прайсці ў канцы ліпеня, не адбудзецца.

Адпаведную заяву апублікавалі арганізатары фэсту ў афіцыйных сацсетках.

«Гэта паведамленне даецца нам вельмі няпроста. З вялікім шкадаваннем паведамляем: нягледзячы на каласальную падрыхтоўку, шматмесячную працу і ўсе нашы намаганні, XVII фестываль гістарычнай рэканструкцыі „Наш Грюнвальд 2026“ не адбудзецца ў канцы ліпеня ў Дудутках, як гэта было 16 гадоў запар. Абставіны склаліся так, што правесці фестываль у запланаваныя даты мы не зможам», — гаворыцца ў паведамленні.

Арганізатары адзначылі, што цяпер шукаюць магчымасць перанесці падзею на іншы месяц. Аднак, калі зрабіць гэта не атрымаецца, каманда пачне рыхтавацца ўжо да наступнага года. Прычыны адмены фэсту ў публічнай заяве дэталёва не раскрываюцца.

«Галоўная падзея лета»

Навіна пра адмену выклікала хвалю суму і расчаравання сярод прыхільнікаў фэсту. У каментарах пад афіцыйнай заявай карыстальнікі адзначаюць, што гэта ўжо не першая падобная навіна ў гэтым сезоне, і згадваюць іншыя адмененыя мерапрыемствы.

«Ожидаемо, после отмены «Свята Сонца» и «Солнцестояния» (адмененыя ў гэтым годзе фестывалі – заўвага Reform.news). Тем не менее все равно грустно», «Какая жалость, столько лет подряд фестиваль „Наш Грюнвальд“ был главным событием лета. Будем верить, что перенос состоится!», «Хай у вас усё атрымаецца! Мы кожны год усёй сям’ёй чакаем фестываль. Дзякуй, што вы ёсць», «Очень, очень жаль, это лучший фест в Беларуси», — пішуць карыстальнікі.

Некаторыя прыхільнікі нават прапануюць запусціць хвалю падтрымкі: «Куда нам всем нужно обратиться в поддержку фестиваля. Может поддержка фанатов поможет?». Тым не менш большасць проста жадае арганізатарам сіл і спадзяецца на сустрэчу ў будучыні.

Фота: сацсеткі фэсту.

Фестываль «Наш Грюнвальд» традыцыйна прысвячаўся гадавіне знакамітай Грюнвальдскай бітвы (15 ліпеня 1410 года) і з’яўляўся адной з самых папулярных культурна-гістарычных падзей у Беларусі. На працягу многіх гадоў ён збіраў у музейным комплексе «Дудуткі» сотні рэканструктараў з розных краін, а таксама тысячы гледачоў, прапануючы маштабныя рыцарскія турніры, бугурты, кірмашы рамеснікаў і буйныя канцэрты фолк- і рок-выканаўцаў.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!