Храм св. братьев-апостолов Петра и Андрея в Бресте. Фото: katolik.life
Вярхоўны суд Беларусі 9 красавіка адхіліў скаргу грэка-каталіцкага прыхода Святых Братоў Апосталаў Пятра і Андрэя ў Брэсце на рашэнне абласнога суда аб яго ліквідацыі. Рашэнне ўступіла ў сілу канчаткова, піша Katolik.Life.
“Пра гэта даведаліся вернікі, але ні структуры Каталіцкай царквы, ні дзяржаўныя органы не паведамлялі пра ліквідацыю прыхода Святых Братоў Апосталаў Пятра і Андрэя ў Брэсце”, – піша рэсурс.
Акрамя брэсцкага прыхода, мясцовымі ўладамі ліквідаваны грэка-каталіцкі прыход Святых Кірыла і Мяфодзія ў Баранавічах. Разам з прыходам у Івацэвічах, які не прайшоў перарэгістрацыю ў 2025 годзе, у Брэсцкай вобласці ліквідаваны ўсе тры грэка-каталіцкія абшчыны. Калі івацэвіцкі прыход падаў заяву аб добраахвотнай ліквідацыі, то брэсцкая і баранавіцкая абшчыны змагаліся супраць закрыцця праз суд і атрымалі адмову, адзначаюць аўтары.
Афіцыйная прычына ліквідацыі невядомая. У адным з рашэнняў вернікі заўважылі фармулёўку пра нібыта «пагрозу нацыянальным інтарэсам». Ні структуры Каталіцкай царквы, ні дзяржаўныя органы публічна пра ліквідацыю не паведамлялі.
Пасля ліквідацыі абшчыны страцілі права самастойна арганізоўваць богаслужэнні ў візантыйскім абрадзе. Баранавіцкія грэка-каталікі цяпер удзельнічаюць у імшах у мясцовым рымска-каталіцкім касцёле. Пытанне з маёмасцю прыходаў пакуль не вырашана.
Як адзначае рэсурс, усё гэта адбылося пры новым апостальскім нунцыі Ватыкана ў Беларусі архібіскупе Іньяцыа Чэфалія, які сам з’яўляецца грэка-каталіком — святаром візантыйскага абраду Італа-албанскай каталіцкай царквы.