Скриншот видео
Арменія ў найбліжэйшы час пачне працэс падачы заяўкі на ўступленне ў ЕС. Пра гэта заявіў прэм’ер-міністр краіны Нікол Пашынян, прадстаўляючы ў парламенце праграму ўрада.
Армянскі прэм’ер падкрэсліў, што рэферэндум аб выбары паміж ЕС і ЕАЭС мае сэнс толькі тады, калі ёсць рэальная альтэрнатыва. Каб стварыць яе, урад прыступіць да фармальных крокаў.
“А для адказу на гэтыя пытанні Арменія, па-першае, павінна падаць афіцыйны запыт на сяброўства ў ЕС. Гэта працэс, які патрабуе аб’ёмнай працы, і ў найбліжэйшы час мы пачнем гэты працэс, як мінімум прыслухоўваючыся да закліку нашых калег з ЕАЭС”, — сказаў Пашынян.
Нагадаем, у маі лідары чатырох іншых краін ЕАЭС прынялі заяву, у якой гаворыцца пра неабходнасць правядзення ў Арменіі агульнанацыянальнага рэферэндуму аб уступленні ў ЕС або далейшым знаходжанні ў складзе ЕАЭС.
Нікол Пашынян на гэта неаднаразова адказваў, што на дадзены момант правядзенне такога рэферэндуму не мае сэнсу, бо ў Арменіі няма рэальнай альтэрнатывы ў выглядзе Еўрасаюза. Краіна не толькі не з’яўляецца кандыдатам на ўступленне, але нават не звярнулася ў ЕС з адпаведнай заявай аб сяброўстве.