У Беларусі прапануецца змяніць закон аб валютным рэгуляванні і кантролі

Палата прадстаўнікоў атрымала законапраект, якім прапануецца ўнесці змены ў закон «Аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі».

Ён прадугледжвае прававое рэгуляванне, звязанае з работай філіялаў замежных банкаў у Беларусі. Як патлумачылі ў прэс-службе ПП, законапраект утрымлівае наступныя нормы:

  • правядзенне філіяламі замежных банкаў аперацый з валютнымі каштоўнасцямі, якія адносяцца да банкаўскіх, у парадку, вызначаным для банкаў Рэспублікі Беларусь;
  • выключэнне магчымасці выкарыстання замежнай валюты ў разліках паміж філіялам замежнага банка і рэзідэнтамі пры правядзенні аперацый з валютнымі каштоўнасцямі, што не адносяцца да банкаўскіх;
  • забарона на правядзенне плацяжоў і пераводаў у замежнай валюце фізічнай асобай — нерэзідэнтам на рахунак юрыдычнай асобы — рэзідэнта, адкрыты ў філіяле замежнага банка;
  • прадастаўленне права нерэзідэнтам адкрываць рахункі ў беларускіх рублях і (ці) замежнай валюце ў філіялах замежных банкаў і праводзіць па іх аперацыі ў выпадках, прадугледжаных Законам «Аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі»;
  • правядзенне валютна-абменных аперацый на ўнутраным валютным рынку праз філіялы замежных банкаў, якія атрымалі дазволы Нацыянальнага банка.
🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!