Фото: Andrew Keymaster, unsplash.com
У Беларусі з пачатку поўнамаштабнага ўварвання РФ за падтрымку Украіны ў той ці іншай форме было асуджана не менш за 403 чалавекі. Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.
Беларусаў і замежных грамадзян судзілі паводле артыкулаў за здраду дзяржаве, шпіянаж, агентурную дзейнасць. Таксама іх пераследавалі за жаданне ваяваць на баку Украіны, фінансавую падтрымку Палка Каліноўскага і Узброеных сіл Украіны, дыверсіі на чыгунцы. На працягу года таксама ідзе пераслед жыхароў Беларусі, якія накіроўвалі інфармацыю пра перамяшчэнне расійскіх войскаў праекту “Беларускі Гаюн”. Па дадзенай справе фігурантамі сталі не менш за 183 чалавекі.
Паводле даных “Вясны”, у зняволенні цяпер знаходзіцца больш за 200 чалавек. Сярод асуджаных таксама 71 жанчына. Праваабаронцы падкрэсліваюць, што даныя адлюстроўваюць толькі вядомыя ім выпадкі, але фактаў пераследу можа быць значна больш.
На дадзены момант праваабаронцы валодаюць звесткамі пра мінімум 5 грамадзян Украіны, якія знаходзяцца ў зняволенні паводле палітычна матываваных прысудаў.