Фото: Генеральная прокуратура
У сакавіку гэтага года вучні адной са школ у Гродне здзекаваліся з 14-гадовага школьніка. Пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу паводле артыкула пра злоснае хуліганства.
Паводле матэрыялаў справы, школьнікі ва ўзросце 18, 17 і 14 гадоў вырашылі «пажартаваць» над 14-гадовым падлеткам. На перапынку яны схапілі яго, зацягнулі ў школьны туалет і падвесілі за адзенне на кручок на сцяне. Усё гэта адбывалася на вачах іншых вучняў.
Абвінавачаныя знялі тое, што адбывалася, на тэлефон. Відэа спачатку распаўсюджвалі сярод школьнікаў, а затым яно трапіла ў інтэрнэт.
Былі распачатыя справы аб адміністрацыйным правапарушэнні, але, вывучыўшы матэрыялы, пракуратура Гродзенскай вобласці ўзбудзіла крымінальную справу паводле артыкула пра злоснае хуліганства, здзейсненае групай асоб (ч. 2 арт. 339 КК).
«У сілу таго, што супрацьпраўныя дзеянні выказаліся ў прычыненні непаўналетняму фізічнага болю і маральных пакут, улічваючы характар і абставіны здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў ва ўстанове адукацыі, якія суправаджаліся грубым парушэннем грамадскага парадку і відавочнай непавагай да грамадства з ужываннем гвалту і адрозніваюцца па сваім змесце выключным цынізмам, выяўленым у калектыўным здзеку з пацярпелага, пракуратура палічыла абгрунтаваным узбудзіць крымінальную справу», — паведамляе пракуратура.
Справу накіравалі для расследавання ў Гродзенскі міжраённы аддзел Следчага камітэта.