Фото: Ishan @seefromthesky
У Беларусі збіраюцца пашырыць забароны на курэнне. Курыць будзе нельга на ганку дома. Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры паведаміла загадчыца аддзялення Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Вольга Бартман. Пакуль праект знаходзіцца на стадыі ўзгаднення з зацікаўленымі органамі.
“Улічваючы тую небяспеку для здароўя, якую наносяць электронныя сістэмы курэння, нікацінутрымальныя прэпараты, якія выкарыстоўваюцца як альтэрнатыва курэнню, награвальны тытунь, проста курэнне, распрацоўваецца новы праект закона, які будзе рэгуляваць усе гэтыя прадукты. Вось на дадзены момант ён праходзіць узгадненне з зацікаўленымі органамі дзяржаўнага кіравання.
Ну і асаблівасць на дадзены момант таго праекта, які існуе, у тым, што ўзмоцнены патрабаванні да вытворцаў дадзенай прадукцыі, пашыраны пералік грамадскіх месцаў, дзе курэнне забаронена. Да іх дададзены ганак шматкватэрных жылых дамоў і інтэрнатаў.
Узмоцнены патрабаванні па забароне продажу непаўналетнім і дарослым людзям, якія купляюць для непаўналетніх. Але і шэраг іншых патрабаванняў. Я спадзяюся, што прыняцце гэтага нарматыўнага прававога акта таксама дазволіць нам узмацніць рэгуляванне і па магчымасці прадухіліць уцягванне менавіта маладога пакалення ў спажыванне гэтых прадуктаў”, — расказала яна.
Паводле яе слоў, органы санітарнага нагляду таксама правялі маніторынг выканання забаронаў на курэнне ў грамадскіх месцах і практыкі прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці. У выніку мяркуецца, што могуць быць выпрацаваныя дадатковыя меры па ўзмацненні кантролю за недапушчэннем курэння ў грамадскіх месцах.