Трамп працягвае санкцыі супраць беларускіх уладаў

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп працягвае дзеянне санкцый у дачыненні да беларускіх уладаў яшчэ на год. Адпаведны дакумент даступны ў базе Федэральнага рэестра. Ён будзе афіцыйна апублікаваны 26 мая.

У адпаведнасці з ім, рэжым надзвычайнай сітуацыі ў дачыненні да Беларусі будзе дзейнічаць і пасля 16 чэрвеня 2026 года. Санкцыі працягваюцца яшчэ на адзін год.

“Дзеянні і палітыка некаторых членаў урада Беларусі і іншых асоб, а таксама шкодная дзейнасць і даўнія злоўжыванні беларускага рэжыму працягваюць уяўляць сабой незвычайную і надзвычайную пагрозу нацыянальнай бяспецы і знешняй палітыцы Злучаных Штатаў”, – гаворыцца ў дакуменце.

Гаворка ідзе пра надзвычайную сітуацыю, абвешчаную прэзідэнцкім указам 16 чэрвеня 2006 года. Тады яна была абвешчаная пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 года з-за палітыкі і дзеянняў “некаторых членаў урада Беларусі і іншых асоб, накіраваных на падрыў дэмакратычных працэсаў або інстытутаў Беларусі, якія выявіліся ў прынцыпова недэмакратычных выбарах у сакавіку 2006 года; здзяйсненні парушэнняў правоў чалавека, звязаных з палітычнымі рэпрэсіямі, уключаючы затрыманні і знікненні; і ўдзеле ў карупцыі ў дзяржаўных органах, у тым ліку шляхам перанакіравання або нямэтавага выкарыстання беларускай дзяржаўнай маёмасці або шляхам злоўжывання дзяржаўнай уладай”.

Пазней падчас пацяплення адносін паміж ЗША і Беларуссю дадзены санкцыйны рэжым некалькі разоў прыпыняўся.

Аднак пасля выбараў 2020 года ён быў адноўлены. А 9 жніўня 2021 года прэзідэнт ЗША Джо Байдэн пашырыў дзеянне палажэнняў указа, дадаўшы ў яго новыя крытэрыі, уключаючы ліквідацыю палітычнай апазіцыі і арганізацый грамадзянскай супольнасці, а таксама зрыў і стварэнне пагроз з боку рэжыму ў дачыненні да міжнародных грамадзянскіх авіяперавозак.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!