У Беларусі падымалі авіяцыю з-за расійскіх «Бандэроляў»

У Беларусь раніцай заляцелі як мінімум 12 расійскіх дронаў «Бандэроль». Пра гэта піша «Радыё Свабода» са спасылкай на ўкраінскія маніторынгавыя каналы. Паводле іх інфармацыі, з аэрадрома ў Баранавічах у паветра падымалі ваенныя самалёты.

Першыя паведамленні пра рух дронаў у бок Беларусі з’явіліся ў 04:01. Беспілотнікі фіксавалі над тэрыторыяй Гомельскай і Брэсцкай абласцей. Яны рухаліся ў напрамку Чыкалавічаў, Уласаў, Нароўлі, Мазыра, Петрыкава, Скрыгалава, Капаткевічаў, Азарычаў, Ельска і іншых населеных пунктаў.

У 04:45 з’явілася інфармацыя пра «Бандэроль» у раёне Азарычаў. Паводле даных украінскага маніторынгу, там быў падняты знішчальнік Су-30. Яшчэ адзін ваенны самалёт, як сцвярджае «ЄРадар», узляцеў з аэрадрома ў Баранавічах каля 04:42. Інфармацыі пра тое, ці былі дроны знішчаныя альбо іх рух спынілі сродкамі радыёэлектроннай барацьбы, пакуль няма.

«Бандэроль» – гэта гібрыд малагабарытнай крылатай ракеты і рэактыўнага ўдарнага беспілотніка. Ён можа развіваць хуткасць да 650 км/г, мець далёкасць палёту да 500 км і несці да 50 кг выбухоўкі. Высокая хуткасць і рэактыўны рухавік ускладняюць яго перахоп мабільнымі групамі СПА. Паводле слоў украінскіх вайскоўцаў, такія беспілотнікі могуць ствараць дадатковую складанасць для сістэм супрацьпаветранай абароны з-за высокай хуткасці. Для іх перахопу патрабуюцца больш магутныя зенітныя комплексы.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!