Фото: president.gov.by
Беларуска-расійскія вучэнні па баявым ужыванні ядзернай зброі, якія прайшлі 18-21 мая, адбыліся ў 465-й ракетнай брыгадзе ў Асіповічах. Гэта месца, пра будаўніцтва ядзернай інфраструктуры ў якім журналісты паведамлялі ў сваіх расследаваннях, піша “Радыё Свабода”.
Як адзначае рэсурс, на афіцыйных відэазапісах відаць, што імітацыя ядзернага ракетнага пуску комплексам «Іскандэр-М» праходзіла на пляцоўцы паміж новымі ангарамі, пабудаванымі для гэтых комплексаў. Унутры ангараў таксама бачныя машыны «Іскандэра». Міністр абароны Віктар Хрэнін прадэманстраваў Аляксандру Лукашэнку рэканструяваныя казармы і штаб брыгады.
Першыя машыны «Іскандэр-М» Расія перадала Беларусі ў канцы 2022 года. У ліпені 2023 года Федэрацыя амерыканскіх навукоўцаў (FAS) выявіла ў Асіповічах новы ангар, здольны змясціць поўны дывізіён «Іскандэр-М».
Паводле наступных спадарожнікавых здымкаў “Радыё Свабода” ўстанавіла, што да пачатку 2025 года там было пабудавана яшчэ два аналагічныя ангары, што можа сведчыць пра перадачу Расіяй Беларусі поўнай ракетнай брыгады, не менш за тры дывізіёны, з якіх 12 машын з’яўляюцца пускавымі ўстаноўкамі.
За 12 кіламетраў ад Асіповічаў размяшчаецца 1405-я база артылерыйскіх боепрыпасаў, дзе, паводле даных журналістаў і аналітыкаў, можа знаходзіцца сховішча ядзерных боегаловак. Будаўніцтва там актывізавалася амаль адразу пасля заявы Уладзіміра Пуціна ў сакавіку 2023 года пра размяшчэнне тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі.
Афіцыйныя відэазапісы візіту Аляксандра Лукашэнкі ў вайсковую часць Асіповічаў 21 мая пацвердзілі частку інфармацыі, раней выяўленай «Свабодай» на спадарожнікавых здымках, адзначае рэсурс. Пацвердзіць, ці атрымалі беларускія вайскоўцы ядзерныя боегалоўкі для ракет з Расіі, немагчыма. Абвешчаны запуск уяўляў сабой электронную імітацыю — сама ракета заставалася на пускавой устаноўцы, а знішчэнне мэты адбывалася ўмоўна.
Пры гэтым “Радыё Свабода” ідэнтыфікавала аднаго з расійскіх вайскоўцаў, прысутных на вучэннях побач з Лукашэнкам. Ім меркавана з’яўляецца генерал-маёр Раман Громышаў, які ў канцы 2021 года камандаваў вайсковай часцю, што адносіцца да 12-га Галоўнага ўпраўлення Міністэрства абароны Расіі — структуры, адказнай за захоўванне, абслугоўванне і транспарціроўку расійскіх ядзерных боепрыпасаў.
Раней эксперты падкрэслівалі, што размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі немагчыма без удзелу вайскоўцаў 12-га ГУ МА Расіі. На іх думку, калі такая зброя сапраўды знаходзіцца ў Беларусі, там павінна быць створаная ўся неабходная інфраструктура для расійскага персаналу, то-бок фактычна — новая расійская база на беларускай тэрыторыі.
Прэзідэнт польскага Інстытута нацыянальнай бяспекі Станіслаў Жарын лічыць, што Расія працягвае выкарыстоўваць Беларусь для інфармацыйна-псіхалагічных аперацый супраць НАТА.
«Цяперашнія вучэнні — гэта сігнал, свядома падрыхтаваны Расіяй для свету: заключыце здзелку з Крамлём, або сутыкняцеся з рызыкай ядзернай вайны», — напісаў ён у X.