У Нацыянальным мастацкім музеі паказваюць аправы веткаўскіх ікон

Выстава «Жар і холад металу. Аправа веткаўскай іконы» адкрылася ў Нацыянальным мастацкім музеі. Экспанаты прыехалі з Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Фёдара Шклярава.

Гледачам упершыню паказалі творы мясцовых майстроў XVIII – пачатку XX стагоддзяў, сабраныя ў рэгіёне і адрэстаўраваныя ў Веткаўскім музеі. У экспазіцыю ўвайшлі 125 твораў жывапісу, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, малюнкі і прылады працы майстроў-чаканшчыкаў.

Фота: sb.by

Аправа іконы – гэта металічны чахол, які зверху пакрывае абраз. Ён можа быць зроблены з латуні, пакрыты срэбрам альбо золатам.

Веткаўскі музей валодае ўнікальным зборам чаканных акладаў на іконы, выкананых мясцовымі «златакавалямі» XVIII — пачатку XX стагоддзя з дапамогай серабрэння, залачэння, чарнення; чаканкі, прасечкі, гравіроўкі. Іх стылістычныя, іканаграфічныя, тэхналагічныя асаблівасці паказваюць сувязь мыслення майстроў-чаканшчыкаў з мясцовай Веткаўскай школай іканапісу. Так, для мясцовага стылю чаканкі характэрны імкненне да рэалізму і вытанчанае майстэрства ў перадачы дэталяў. Павышаная выпукласць рэльефа суадносіцца з аб’емнасцю фігур, якая ўсё больш праяўлялася ў іканапісе.

Фота: sb.by

«Аправа іконы лічылася і адзеннем абраза. У старой Ветцы казалі: «Шыць рызу, каваць рызу». Старажытнае значэнне і ў беларускага слова «шаты»: вясельнае адзенне. У народнай культуры Веткі ўбор абраза найбольш блізкі да старажытнай семантыкі касцюма», – пішуць у анатацыі выставы.

Фота: сацсеткі

Усяго ў калекцыі веткаўскага музея больш за 100 акладаў. Пачаў іх збіраць заснавальнік музея Фёдар Шкляраў яшчэ ў 1970-я гады. Частка акладаў была ў непрэзентабельным выглядзе, на іх была сажа, бруд, сляды карозіі металу. Рэстаўратары заняліся іх аднаўленнем з канца 2025 года.

Некаторыя аклады збіралі літаральна па кавалачках. Напрыклад, аклад на абраз велікамучаніка Мікіты быў разбіты на маленькія кавалачкі. Рэстаўратары Веткаўскага музея збіралі часцінкі на драўляную падкладку і ўмацоўвалі.

Фота: сацсеткі

Прысвяціць цэлы выставачны праект тэме акладаў прапанавала Галіна Нячаева, куратарка выставы. Яна распрацавала план, а супрацоўнікі Нацыянальнага мастацкага музея падтрымалі ідэю і дапамаглі ўвасобіць яе ў жыццё: суправаджалі на ўсіх этапах распрацоўкі і ўстаноўкі экспанатаў.

Першая выстава, у якой удзельнічаў Веткаўскі музей, адбылася ў 1994 годзе. І з таго часу раз у тры-чатыры гады артэфакты з музея паказваюць у складзе разнастайных выстаў у Нацыянальным.

Фота: сацсеткі

Пабачыць выставу «Жар і холад металу. Аправа веткаўскай іконы» можна да 25 кастрычніка ў выставачным корпусе Мастацкага музея (Карла Маркса, 24), трэці паверх.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!