Ноччу Расія атакавала Украіну ракетамі і дронамі. Загінуў чыгуначнік, пашкоджаны энергааб’екты

У ноч на 22 жніўня Расія нанесла па Украіне масіраваны ўдар ракетамі і беспілотнікамі. Паводле інфармацыі Паветраных сіл УСУ, асноўнымі напрамкамі атакі сталі Кіеўская і Адэская вобласці.

З 18:00 21 жніўня расійскія сілы ўжылі ракеты «Іскандэр-М» і С-400, тры авіяцыйныя ракеты Х-31П/Х-59, а таксама баражыруючыя боепрыпасы «Бандэроль» і 217 ударных беспілотнікаў тыпу Shahed, «Гербера» і дронаў-імітатараў «Пародия».

Па стане на 9:00 знішчаны або падаўлены 3 авіяцыйныя ракеты, 6 «Бандэроляў» і 182 беспілотнікі. Пападанні сродкаў паветранага нападу зафіксавалі ў 41 месцы, падзенне абломкаў збітых цэляў адбылося ў 12 месцах.

У Кіеве ў выніку ўдару па чыгуначным прадпрыемстве ў Дарніцкім раёне загінуў работнік «Укрзалізниці». Паводле слоў старшыні праўлення кампаніі Аляксандра Пярцоўскага, удар быў нанесены балістычнай зброяй. Брыгадзір памёр на месцы. Астатніх работнікаў пасля першага ўдару паспелі эвакуяваць.

Пад атакай таксама апынулася Адэская чыгунка. На станцыі “Раздзельная” пашкоджаны будынак вакзала.

У Адэскай вобласці расійскія ўдары таксама пашкодзілі некалькі энергетычных аб’ектаў кампаніі ДТЭК «Адэскія электрасеткі». У кампаніі паведамілі, што пашкоджанні значныя, і для аднаўлення абсталявання спатрэбіцца час. Пасля атрымання дазволу ад вайскоўцаў і ратавальнікаў энергетыкі пачалі аварыйна-аднаўленчыя работы. У ДТЭК папярэдзілі пра магчымыя перабоі ў працы аб’ектаў крытычнай інфраструктуры.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!