Трамп абвясціў пра блакаду Армузскага праліва

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абвясціў пра пачатак ваенна-марской блакады Армузскага праліва пасля таго, як перамовы з Іранам у Ісламабадзе завяршыліся без пагаднення па ядзерным пытанні.

Паводле слоў Трампа, перамовы доўжыліся амаль 20 гадзін і завяршыліся дамоўленасцямі па большасці пытанняў, аднак ключавое патрабаванне — адмова Ірана ад ядзерных амбіцый — выканана не было.

«Іран ніколі не будзе мець ядзерную зброю», — напісаў чарговы раз прэзідэнт ЗША ў сетцы Truth Social.

Трамп таксама абвінаваціў Іран у наўмысным зрыве абяцання адкрыць Армузскі праліў і ў фактычным шантажы сусветнай супольнасці заявамі пра магчымыя міны ў водах праліва. ВМС ЗША, паводле яго слоў, пачнуць блакаду любых суднаў, якія спрабуюць увайсці ў праліў або пакінуць яго, а таксама знішчаць міны, усталяваныя Іранам. Судны, якія заплацілі збор Ірану, не атрымаюць бяспечнага праходу ў міжнародных водах. Трамп папярэдзіў, што любы абстрэл амерыканскіх або мірных суднаў пацягне неадкладны адказ.

“Блакада пачнецца ў бліжэйшы час. Іншыя краіны далучацца да гэтай блакады. Ірану не дазволяць атрымаць выгаду з гэтага незаконнага акта вымагальніцтва”, – заявіў амерыканскі лідар.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!