Польшча пачала будаўніцтва новага загароджвання на мяжы з Беларуссю

На польска-беларускай мяжы пачалося будаўніцтва дадатковага загароджвання, закліканага ўзмацніць ужо існуючы бар’ер, піша RMF FM.

Новая канструкцыя ўяўляе сабой чатырохметровую сетку ўздоўж тэхнічнай дарогі, увянчаную калючым дротам. З боку лесу ўсталёўваецца двухметровае агароджванне для абароны жывёл ад траўмаў, а таксама спіралі з калючага дроту.

Будаўніцтва пачалося адначасова ў пяці месцах. Матэрыялы закупіла пагранічная служба, работы на пазначаных пагранічнікамі ўчастках выконваюць ваенныя інжынерныя войскі. Камандуючы Падляскім аддзяленнем пагранічнай аховы генерал Славамір Клякотка адзначыў, што для пачатку выбраны найбольш уразлівыя ўчасткі, дзе найбольш верагодныя спробы нелегальнага перасячэння мяжы.

Паводле яго слоў, новае загароджванне запаволіць спробы нелегальнага пераходу і дасць пагранічнікам час для рэагавання.

«Тут ужо будзе вельмі высокая верагоднасць спыніць гэтых людзей і канфіскаваць у іх інструменты, таму што ўсё гэта будзе адбывацца ўжо цалкам на польскім баку», — сказаў ён.

Загароджванне плануецца ўзвесці на ўсім 186-кіламетровым участку мяжы ў Падляскім ваяводстве. Завяршэнне будаўніцтва намечана на канец вясны.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!