«Вясна» мае дадзеныя пра 184 фігурантаў «справы Гаюна», змешчаных пад варту

Праваабарончы цэнтр “Вясна” валодае інфармацыяй не менш як пра 184 пацверджаных фігурантаў «справы Гаюна», змешчаных пад варту. Адзначаецца, што агульная колькасць затрыманых значна большая — праваабаронцам вядома пра шэраг затрыманняў, якія адбыліся ў апошні час, у тым ліку ў лютым.

Суды па «справе Гаюна» праходзяць практычна штодня. З пачатку года ў “спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў” МУС дадалі 278 чалавек, асуджаных за «садзейнічанне экстрэмізму», — пераважная большасць з іх праходзяць менавіта па «справе Гаюна».

Паводле інфармацыі “Вясны”, большасці фігурантаў справы прызначаюць “хатнюю хімію”, аднак вядомыя і выпадкі рэальнага пазбаўлення волі.

«Беларускі Гаюн» — маніторынгавы OSINT-праект, які адсочвае ваенную актыўнасць расійскіх і беларускіх войскаў. Маніторынгавая група была створана перад пачаткам расійска-ўкраінскай вайны актывістам Антонам Матолькі. У пачатку лютага 2025 года сілавікі атрымалі доступ у чат з ботам праекта. Пасля гэтага праект абвясціў пра спыненне працы.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!