Беларус загінуў у Швейцарскіх Альпах

Беларус загінуў на гары Матэрхорн у Швейцарскіх Альпах на мяжы з Італіяй. Няшчасны выпадак адбыўся 12 ліпеня.

Як паведамляе паліцыя кантона Вале, два альпіністы загінулі падчас спуску з Матэрхорна па грэбені Хёрнлі на вышыні каля 4030 метраў у нядзелю каля 11 гадзін. Іх падзенне ўбачыў трэці альпініст, які выклікаў ратавальнікаў.

Ізраільскае выданне Ynet паведамляе, што загінулыя альпіністы — 32-гадовы ізраільцянін Алам Фарэс і беларус, імя якога не называецца.

Сваякі Фарэса расказалі выданню, што ён адправіўся ў горы ў сераду, 8 ліпеня, разам з беларускім напарнікам. Яны шчасна дасягнулі вяршыні і пачалі спуск. Пасля таго як Фарэс некалькі гадзін не выходзіў на сувязь, яго сябар падняў трывогу і выклікаў ратавальнікаў.

«Некалькі відавочцаў, якія былі там, расказалі, што бачылі, як двое чалавек сарваліся праз каменяпад», — расказаў дзядзька ізраільцяніна.

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!