Галоўны ўваход у Нацыянальны парк. Фота: Npbp.by.
Маштабны праект электроннай музыкі «Тэхна-рэйв у Белавежскай пушчы» павінен быў прайсці ў гэту суботу – 18 красавіка.
Фестываль планавалі правесці ў маёнтку Дзеда Мароза ў самым сэрцы пушчы. Быў запланаваны выступ чатырох гуртоў. Меркавалася, што ўдзел у фэсце прымуць 700 чалавек. Праграму планавалася правесці з 21-й гадзіны і амаль да раніцы.
Ідэя выклікала шмат абурэння сярод беларусаў, асабліва сярод эколагаў і арнітолагаў, якія выказваліся супраць правядзення такога мерапрыемства ў лесе, асабліва вясной. Яны адзначалі, што начны шум можа сагнаць з гнёздаў птушак, пашкодзіць звярам.
У выніку дату памянялі – перанеслі імпрэзу на 28 жніўня.
Змянілі і месца – рэйв пройдзе каля галоўнага ўваходу ў Нацыянальны парк. Ужо набытыя квіткі застаюцца сапраўднымі.
Аднак перанос даты і месца не спыніў паток абурэння: «Як можна ў запаведным лесе, апетым не адным пакаленнем беларусаў, як наш гонар, нацыянальны набытак, месца, дзе ахоўваюцца чырванакніжныя віды флоры і фаўны, ператварыць у танцпол і канцэртную пляцоўку? У Гродне адмянілі «Сандэй», які праводзіўся ў полі ў старым аэрапорце, адмянілі lidbeer і іншыя фестывалі. Затое дазволілі незразумела каму незразумела навошта правесці канцэрт у запаведніку. Блюзнерства чыстай вады. Спадзяюся мясцовыя і рэспубліканскія органы ўлады перагледзяць рашэнне і адменяць гэты вэрхал у вальераў з дзікімі жывёламі», – піша адзін за каментатараў у Інстаграме.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram